Вы тут

Міністр культуры пра карціны "Белгазпрамбанка": дзе яны — не ў маёй кампетэнцыі

Юрый Бондар / БЕЛТА

Міністр культуры Юрый Бондар ведае, дзе знаходзяцца карціны з карпаратыўнай калекцыі "Белгазпрамбанка". Пра гэта чыноўнік паведаміў на прэс-канферэнцыі 17 чэрвеня, адказваючы на пытанні журналіста партала TUT.by. 

Як паведамлялася раней, па "справе Белгазпрамбанка" следчыя забралі 150 карцін з карпаратыўнай калекцыі на агульную суму каля 20 мільёнаў долараў. Гэта творы беларускіх ураджэнцаў "парыжскай школы". 

Многія з гэтых карцін унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторык-культурных каштоўнасцяў. Па словах старшыні Беларускага камітэта Міжнароднага савета музеяў "ІКАМ" Таццяны Бембель, ім патрабуецца асаблівы светлавы і тэмпературны рэжым.

TUT.by пацікавіўся, што робіцца для зберажэння твораў мастацтва. 

"А хто сказаў, што гэтыя карціны захоўваюцца ў нейкіх нядобрых умовах? Гэтае пытанне сапраўды адносіцца да кампетэнцыі Міністэрства культуры і кантралюецца нашымі ўпаўнаважанымі спецыялістамі. Магу супакоіць Таццяну Бембель і ўсіх хвалюючых людзей: рэжым захоўвання прадметаў мастацтва ў Беларусі выконваецца ўсімі суб'ектамі гэтай дзейнасці", — заявіў у адказ міністр культуры.

Юрый Бондар запэўніў, што Мінкульт ведае, дзе цяпер захоўваюцца карціны. А на просьбу ўдакладніць месца адказаў: "Гэтае пытанне не ў маёй кампетэнцыі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.