Міністр культуры Беларусі выказаўся пра "здраднікаў на сцэне"

Міністр культуры выкрывае "здраднікаў" / t.me/minkultrb/
Міністр культуры выкрывае "здраднікаў" / t.me/minkultrb/

"Здраднікам не месца на сцэне, ці гэта дзяржаўнае спецмерапрыемства ці канцэрт у аграгарадку", — заявіў міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч. У сераду ён прамаўляў на пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства культуры, на якой падводзіліся вынікі працы ў мінулым годзе і ішла гаворка пра "мэты на бліжэйшую перспектыву". Маркевіч не ўтрымаўся і ў чарговы раз абрынуўся на іншадумцаў ва ўстановах культуры (нядаўна яму пра іх нагадаў Аляксандр Лукашэнка). Раней нешта падобнае можна было пачуць у часы сталіншчыны.

"Але пры гэтым да кожнага артыста або творчага калектыву, які заявіў аб адрачэнні ад ранейшых поглядаў і жаданні працаваць на карысць Беларусі, прымяняецца індывідуальны падыход, — цытуе словы міністра прэс-служба Мінкульта. — Калі чалавек шчыра раскайваецца ў сваіх словах, пастах, лайках, гатовы працаваць на дзяржаву і публічна заявіць аб сваёй грамадзянскай пазіцыі, яму даецца другі шанец. Калі словы пакаяння аказваюцца хлуснёй, з такімі людзьмі мы развітваемся адразу і назаўжды".

"Зачыстка" ўстаноў культуры ў Беларусі праходзіць з 2020 года. Год таму Анатоль Маркевіч распавёў, што за "палітыку" звольнілі сотні людзей. Нямала з іх пабывалі за кратамі, былі вымушаны з'ехаць за мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі