Міністр інфармацыі: Асобныя сайты парушаюць выбарчае заканадаўства
Падчас выбарчай кампаніі асобныя інтэрнэт-рэсурсы парушалі выбарчае заканадаўства і закон аб СМІ. Такую заяву зрабіла на прэс-канферэнцыі 6 кастрычніка міністр інфармацыі Лілія Ананіч.
Са словаў чыноўніцы, гэтыя сайты публікавалі заклікі да байкоту выбараў, што з’яўляецца непасрэдным парушэннем заканадаўства. “Калі мы такія рэсурсы аналізуем, мы не можам не бачыць, што асобныя СМІ ставілі крыху іншую задачу чым асноўнае поле. Думаю, вы і самі ведаеце гэтыя рэсурсы”, — цытуе Ананіч БелаПАН.
Міністр не адказала, якія інтэрнэт-рэсурсы з’яўляюцца парушальнікамі, але адзначыла, што парушэнні ёсць і яны фіксуюцца. Такі маніторынг, па словах Ананіч, праводзяць Беларускі саюз журналістаў, Беларуская асацыяцыя журналістаў, місія назіральнікаў. Але кіраўніца ведамства таксама не адказала, ці будзе Мінінфарм рэагаваць на такія парушэнні.
Фота: nn.by