Вы тут

Міністр абароны: мы, магчыма, увойдзем у грамадзянскую вайну

Віктар Хрэнін / БЕЛТА

Вайскоўцы абавязаныя выконваць любыя загады, а не думаць, злачынныя яны або не. Пра гэта заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўнікамі структурных падраздзяленняў Мінабароны, Генштаба і Узброеных сіл. Яна прайшла 19 жніўня ў Цэнтральным доме афіцэраў. Цытаты з гэтай сустрэчы апублікавала "Наша Ніва". 

Спярша міністр пераказваў тэзісы выступаў Аляксандра Лукашэнкі. Ён заявіў, што большасць грамадзян прагаласавалі на выбарах за Лукашэнку. "Але цягам трох начэй, з 9 па 12 жніўня, прымаліся сілавыя спробы захопу ўлады, яны каардынаваліся з-за мяжы. Арганізаваныя групы, узброеныя нажамі, прутамі, кактэйлямі Молатава і феерверкамі ўступілі ў сілавое супрацьстаянне. Дэструктыўныя СМІ прадстаўлялі гэта як сілавы разгон мірных пратэстаў, дэманізуючы праваахоўнікаў", — паведаміў Хрэнін.

Па яго словах, у пратэстах удзельнічаюць 10-12% грамадзян — тыя, хто галасаваў за Святлану Ціханоўскую. Ён раскрытыкаваў ланцугі салідарнасці, забастоўкі, асвятленне падзеяў у недзяржаўных СМІ. 

Агучыў Хрэнін і "праграму апазіцыі". Па яго словах, выглядае яна наступным чынам: "Праграма апазіцыі: да канца года выхад з СНД, ЕАЭС, саюзнай дзяржавы. Забарона вяшчання расійскага ТБ, замяшчэнне вяшчаннем Літвы, Латвіі, Украіны. Выхад з АДКБ. Аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы, перавод сістэмы адукацыі на ўсіх узроўнях на беларускую мову".

Потым міністр пачаў прамаўляць ад свайго імя. Ён заявіў, што афіцэры павінны не дапусціць, каб у іх падначаленых зарадзіліся сумневы. 

Падзеі ў Беларусі ён ацаніў так: "Вайна прыйшла да нас у дом. Уся краіна ў эпіцэнтры"

Хрэнін згадаў тых, хто перайшоў з боку ўлады на бок пратэстоўцаў. Пры гэтым ён фактычна заклікаў выконваць нават злачынныя загады: "Тыя людзі, якія сыходзяць ад нас, іх няшмат. Перафарбаваліся хутка, пачынаюць нас брудам паліваць. Тыя паліттэхнолагі, што пішуць тэксты Ціханоўскай, ставяць пытанне: армія, вы з народам ці будзеце вы страляць супраць народа? Нас заклікаюць, у тым ліку і Ціханоўская, якая кажа: не выконвайце злачынныя загады. Гэтая жанчына нас заклікае да здрады, парушэння закона — не выконваць загады. Злачынны ён, не злачынны… Мы людзі ваенныя. Дзяржаўная сістэма не разваленая, працуе, прэзідэнт выбраны"

Міністр заявіў, што пакуль войска не пяройдзе на бок пратэстоўцаў, дзяржаву разваліць немагчыма. І заклікаў змагацца са зброяй у руках: "Трэба змагацца, калі трэба — і са зброяй. За краіну, за сябе, за нашы сем'і, за тых настаўніц, якія напалоханыя і баяцца". Па яго словах, адзін афіцэр з Ваенна-паветраных сілаў хацеў звольніцца, калі жонцы прыйшла эсэмэска з пагрозай. Пасля гэтага міністр, нібыта, загадаў такім афіцэрам выдаць пісталеты, каб яны былі ўзброеныя.

Сітуацыю ў Беларусі Хрэнін ацаніў як блізкую да грамадзянскай вайны. Вобразна ён праілюстраваў яе на прыкладзе вартавога, з якім параўнаў армію: 

"Вартавы пры з'яўленні парушальніка абавязаны падаць каманду: "Стой, хто ідзе?". Мы яе падалі, мы бачым, хто ідзе. У статуце далей напісана, што калі парушальнік і далей працягвае рух, вартавы абавязаны даць каманду: "Стой, страляць буду!". Практычна мы ўжо падаем гэтую каманду, каб спыніць далейшы рух парушальніка. Але нават калі пасля гэтага парушальнік працягвае рух, вартавы абавязаны зрабіць папераджальны стрэл уверх. Каб мы не зрабілі стрэл на паражэнне, але калі будзе працягваць далей, то мы яго зробім…

І ў выпадку невыкання ўсіх камандаў вартавога, або калі яму пагражае небяспека, ён абавязаны выкарыстаць зброю на паражэнне.

Жудасна не хочацца гэтага рабіць, але гэта абавязак вартавога, гэта абавязак нас з вамі — арміі. Можа, некаторыя гэтага хочуць, каб потым нас, мяне, абвінаваціць у генацыдзе супраць уласнага народа, таму што калі ўжываецца зброя, гінуць мірныя людзі. 

Так, гэта ўсё зразумела, так, мы, магчыма, увойдзем у грамадзянскую вайну, цана чалавечага жыцця губляе цану з кожным днём. Гэта жудасна. Не выключана, што можа быць і ваенны канфлікт, на сёння гэта ўжо рэальнасць"

Хрэнін заклікаў ужо цяпер сысці з войска тых, хто мае сумневы. "А сыходзіць на фоне падачы наступных камандаў — вось гэта будзе здрада, гэта самы страшны чалавечы парок. Калі ты глядзіш у вочы, верыш, а атрымліваеш удар у спіну", — заявіў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.