Мінфін яшчэ працуе над праектам "Вялікая сям'я", пра які казаў Лукашэнка

Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Міністэрстве фінансаў. Выкладкі новага праекту падтрымкі жанчын за народжаных дзяцей Мінфін абяцаў даць напрыканцы кастрычніка. Цяпер ужо лістапад, але там распавядаюць пра тое, што вельмі занятыя абмеркаваннем бюджэту на 2014 год.



Мінфін: “Нашыя эксперты цяпер абмяркоўваюць гэты праект, але зараз больш хапае працы з бюджэтам. Як толькі нешта з’явіцца па праекце “Вялікая сям’я”, мы адразу запросім журналістаў. Ні з чым да журналістаў не пойдзеш”.



Нагадаем, у пачатку кастрычніка падчас наведвання завода “БелАЗ” у Жодзіне Аляксандр Лукашэнка сказаў наступнае (гл. відэа): “Мы зараз думаем, як падтрымаць жанчын. Сем’і як падтрымаць… Вось праект “Вялікая сям’я” мне прапанавалі. За першае дзіця — дзесяць тысяч долараў. Мы ў доларах адкрываем рахунак. За другога — дваццаць. За трэцяга — у два разы павялічваем. А калі яшчэ ты сам на гэты рахунак грошы кладзеш, то мы ў два разы больш даем”.



Кіраўнік дзяржавы абяцаў знайсці грошы на праект. З'явіліся падлікі, што штогод спатрэбіцца каля 2 мільярдаў долараў. Праз некалькі дзён на прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных СМІ Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго "няправільна зразумелі". Ён падкрэсліў, што існуе прапанова і там няма гаворкі пра мільярды долараў: "па адным варыянце трэба будзе на выплаты ў год 350 мільёнаў долараў, па іншым — каля 800 мільёнаў долараў у год".



Паводле Лукашэнкі, гэта будзе залежыць і ад эканамічнай сітуацыі ў краіне. "Калі з пенсій, заробкаў забяру гэты мільярд, людзі зразумеюць мяне", — запэўніў прысутных кіраўнік Беларусі.  
 

"10 тысяч долараў за дзіця? Мо гэта быў экспромт?"
 

“10 тысяч долараў за дзіця? Прывабная прапанова!” (гук)
 

Фота — ria.ru
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі