Вы тут

Мінфін распавёў, як зменіцца спагнанне "дарожнага збору"

Раман Пратасевіч / Еўрарадыё

У міністэрстве фінансаў Беларусі распавялі, якіх зменаў варта чакаць, а якіх не варта аўтаўладальнікам, якія плацяць дзяржпошліну за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Пра гэта ідзе гаворка ў адказе Мінфіна на петыцыю, якую ў міністэрства накіравалі 10 снежня беларускія грамадзяне, піша Onliner.by.

Так, уключаць "дарожны збор" у кошт паліва ў Беларусі не будуць. Па-першае, гэта выкліча рэзкае падаражанне бензіну, і многія стануць запраўляцца ў Расіі, дзе паліва стане таннейшым; па-другое, прыйшлося б рабіць пераразлік тым, хто пошліну ўжо заплаціў, а гэта выкліча касавы разрыў дарожнага фонду; па-трэцяе, спатрэбіцца павялічыць фінансаванне з бюджэту тых арганізацый, якія ад выплаты "дарожнага збору" вызваленыя (МНС, Мінабароны, МУС, КДБ, Дзяржпагранкамітэт, Следчы камітэт, сацыяльная служба, хуткая дапамога, бюджэтныя і сельгасарганізацыі, грамадскі транспарт).

Акрамя таго, Мінфін паведамляе, што рыхтуецца ўказ прэзідэнта па "дарожным зборы", якім яго адвяжуць ад праходжання тэхагляду. Дзяржпошліна будзе брацца выключна як плата за ўдзел у дарожным руху. Таксама для тых, хто ездзіць на машыне не круглы год, увядуць магчымасць аплачваць "дарожны збор" памесячна. А калі аўтаўладальнік аплаціць дзяржпошліну адразу за год ці больш, то ён атрымае зніжку 20%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.