Мінфін незадаволены выдаткамі сельгасвытворцаў на аўто: чаму VW, а не Geely

Джыпы Toyota таксама купляюць у гаспадаркі /i.infocar.ua 
Джыпы Toyota таксама купляюць у гаспадаркі /i.infocar.ua 

У Міністэрстве фінансаў заўважылі, што сельгаспрадпрыемствы часам нерацыянальна выдаткоўваюць грошы, атрыманыя ў тым ліку за кошт дзяржпадтрымкі. Частку такіх выдаткаў трэба выключыць, перакананы намеснік міністра фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч.

"Варыянтаў зэканоміць досыць шмат. Напрыклад, выклікае апраўданыя пытанні залішняя закупка транспартных сродкаў, не занятых у вытворчасці", гаворыцца ў артыкуле Татарыновіча, апублікаваным у сакавіцкім нумары ведамаснага часопіса "Фінансы. Улік. Аўдыт". Цытаты прыводзіць агенцтва БелаПАН.

Прадстаўнік Мінфіна распавядае са спасылкай на дадзеныя ДАІ, што за два гады сельгаспрадпрыемствы купілі і паставілі на ўлік 702 новых аўтамабіля і мікрааўтобуса. І толькі 100 з іх былі маркі Geely, якая збіраецца ў Беларусі.

"Мабыць, для выезду "ў людзі" кіраўнікам гаспадарак вельмі патрэбныя новыя Toyota Land Cruiser, Camry і RAV 4, Skoda Kodiaq, VW Tiguan, Caravelle і Multivan, Mercedes Vito і т. д.", — адзначае Татарыновіч.

Ён таксама піша аб куплі ў кахозы вялікай колькасці  былых ва ўжыванні аўтамабіляў — 1.726. Пры гэтым ільвіная доля з іх (65%) затым на працягу года здымалася з уліку, "уключаючы джыпы Lexus, Toyota Land Cruiser, Volkswagen Touareg (апошні пастаўлены на ўлік і зняты з яго наогул на працягу аднаго дня)".

Намеснік міністра лічыць, што трэба выпрацаваць дакладныя рэкамендацыі па выкарыстанні чыстага прыбытку. Ён нагадвае, што "ў пэўнай меры прыбытак у галіне сфарміраваны за кошт аказваемай дзяржаўнай падтрымкі, і яна застаецца ўнутры сферы". А вяртаецца няшмат: у 2019 годзе, прыводзіць прыклад Татарыновіч, "у якасці дывідэндаў дзяржава і іншыя ўласнікі атрымалі толькі 6 мільёнаў рублёў". Астатні ж прыбытак ідзе "на бягучае спажыванне", пры гэтым гэта "ніяк не рэгулюецца ні профільным міністэрствам, ні аблвыканкамамі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі