Вы тут

Мінчук атрымаў тры гады "хіміі" за нязгоду з падлікам галасоў

Аляксандр Лянько / t.me/viasna96

Суд Цэнтральнага раёна Мінска ў сераду прысудзіў мінчуку Аляксандру Лянько тры гады "хіміі", прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх ), паведамляюць праваабаронцы. 

Лянько затрымалі сёлета 25 жніўня. Згодна з абвінавачаннем, мужчына 9-10 жніўня 2020 года "публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, рухаўся ў калоне, аб'яднаўшыся рукамі з іншымі асобамі, наўмысна перашкаджаў руху транспартных сродкаў". Аляксандр прызнаў віну і распавёў, што накіраваўся ў горад, бо не быў згодны з падлікам галасоў на выбарах. 

Да справы далучаныя акты аб прыпыненні грамадскага транспарту 9 жніўня — Мінсктранс заявіў у адносінах да Лянько пазоў на 3621 рубель шкоды.

Мужчыну вызвалілі ў залі суда. Падчас паседжання Лянько знаходзіўся пад вартай ў кайданках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.