Вы тут

Мінабароны: У войску ЗША ў 271 раз больш суіцыдаў, чым у беларускім. Гэта так?

Фота: Reuters

11 кастрычніка на сайце Мінабароны з'явіўся артыкул "Чаму юнакі з "Моладзі БНФ" не хочуць стаць сапраўднымі мужчынамі". Яе аўтар, палкоўнік Уладзімір Макараў, у ліку іншага, параўноўвае колькасць суіцыдаў ва ўзброеных сілах ЗША і беларускай арміі. Параўнанне, вядома ж, на карысць беларускай нацыі:

"Напрыклад, што тычыцца суіцыдаў, то ў тых жа ўзброеных сілах ЗША, якія камплектуюцца па кантракце, самагубстваў здзяйсняецца ў 271 разоў больш, чым у Беларусі — штодня каля чатырох. Гэта значыць, у прафесійнай арміі ЗША ў разліку на 10 тысяч вайскоўцаў суіцыдаў у пяць разоў больш, чым у арміі Беларусі. Гэта афіцыйная статыстыка".

Пасля слоў "гэта афіцыйная статыстыка" Макараў спасылаецца на свой жа артыкул, апублікаваны на сайце Мінабароны ў канцы верасня. Еўрарадыё пацікавілася ва Уладзіміра Мацвеевіча пра крыніцы статыстыкі, на якіх ён грунтуецца. Аказалася, што гэта... артыкул "Войска самагубцаў" на сайце расійскай газеты "Независимое военное обозрение"!

Пакінем развагі пра тое, чаму беларускі палкоўнік лічыць дарэчным будаваць свае выказванні не на першакрыніцах, а на публікацыі з расійскага сайта. Скажам толькі, што ў нас гэтая крыніца даверу не выклікае. Таму праверым факты з публікацыі Уладзіміра Макарава дадзенымі з адкрытых крыніц.

Фота: Reuters/Васіль Фядосенка

Армія ЗША штоквартальна публікуе статыстыку самагубстваў. Тут можна знайсці дадзеныя па 2017 годзе. З іх вынікае, што ўсяго ў мінулым годзе ў амерыканскай арміі адбылося 640 самагубстваў. З іх 285 у так званым "актыўным кампаненце" (Active Component), 224 сярод рэзервістаў (Reserve Component) і яшчэ 131 у Нацыянальнай гвардыі (National Guard).

Такім чынам, 640/365 = 1,75. У войску ЗША не 4 самагубствы ў дзень, як сцвярджае Мінабароны Беларусі, а 1,75. Гэта афіцыйная статыстыка.

У беларускім войску служыць каля 50000 чалавек (46482 чалавекі — дадзеныя Мінабароны на люты 2018 года). У 2017 годзе ў ёй адбылося 5 самагубстваў (з іх 3 суіцыды здзейснілі салдаты тэрміновай службы). Гэта 0,013 суіцыду ў дзень.

Фота: vsr.mil.by

 

Каб даведацца, у колькі разоў больш самагубстваў адбываецца ў амерыканскай арміі, чым у беларускай, дзелім 640 на 5. Атрымліваем, што ў 128 разоў. А не ў 271 раз, як сцвярджае Уладзімір Макараў.

Ідзём далей. Армія ЗША ў 50 разоў большая, чым армія Беларусі. У амерыканскіх узброеных сілах служыць каля 2,5 млн чалавек. 1281900 — "актыўны кампанент", 801200 — рэзервісты (дадзеныя адсюль) і 449000 у Нацыянальнай гвардыі (дадзеныя адсюль).

Давайце параўнаем колькасць самагубстваў на 10 тысяч вайскоўцаў. У арміі ЗША — 2,53. У войска Беларусі — 1. У войску ЗША адбываецца ў 2,53 разы больш суіцыдаў на 10 тысяч вайскоўцаў, чым у арміі Беларусі, а не ў 5 разоў больш, як напісана ў артыкуле. То бок і тут Уладзімір Макараў перабольшвае.

Улічым таксама і тое, што:

— армія ЗША, у адрозненне ад беларускай, пастаянна ўдзельнічае ў баявых дзеяннях. Стрэс, якому падвяргаюцца салдаты ў гарачых кропках, тэарэтычна, нашмат сур'ёзнейшы, чым пры службе ў мірны час.

— 55,5% самагубстваў у амерыканскай арміі прыпадае на рэзервістаў і Нацыянальную гвардыю, кантынгент якіх не знаходзіцца ў размяшчэнні рэгулярна, а толькі праходзіць штомесячныя зборы. Увесь астатні час рэзервісты і гвардзейцы праводзяць дома. Прычыны, па якіх яны накладваюць на сябе рукі, часткова могуць быць не звязаныя з армейскім жыццём;

— войска ЗША — кантрактнае, то бок, добраахвотнае. Тут няма псіхалагічных цяжкасцяў, звязаных з прызыўной кампаніяй і "прымусовым" накіраваннем на службу.