Міліцыянты 8 сакавіка прыйшлі да маці экс-палітвязня Лазарава
Вячаслаў Лазараў пасля вызвалення са сваім партрэтам / БАЖ
У Віцебску 8 сакавіка два міліцыянты прыйшлі да маці былога палітвязня, відэааператара Вячаслава Лазарава. Яны распытвалі жанчыну, дзе знаходзіцца яе сын. Тая здзівілася, чаму супрацоўнікі МУС не ведаюць, што яго датэрмінова вызвалілі з калоніі і прымусова вывезлі ў Літву ў верасні 2025-га, паведамляе прэс-служба БАЖ.
Міліцыянты праз маці ўгаворвалі Лазарава вярнуцца ў Беларусь.
"Казалі, што "ўсё змянілася", што я магу вярнуцца ў Беларусь і "не баяцца". Маўляў, неабходна проста прыехаць, уладкавацца на працу і стаць на ўлік у КВІ (крымінальна-выканаўчая інспекцыя. — Рэд.). Выглядала, нібыта я знарок ухіляюся ад таго, каб прыехаць дадому, дзе мяне ўсе чакаюць", — перадаў Лазараў са словаў маці.
Прымаць "запрашэнне" журналіст пакуль не збіраецца.
Дарэчы, у лістападзе 2025-га Лазараву на хатні адрас даслалі позву з крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС Кастрычніцкага раёна Віцебска. Ад яго патрабавалі з’явіцца і стаць на ўлік.
Вячаслаў Лазараў за супрацу з тэлеканалам "Белсат" быў асуджаны ўвосень 2023-га на 5 гадоў пазбаўлення волі. 11 верасня 2025 года ў ліку 52 іншых вязняў яго вывезлі ў Літву ў рамках дамовы ЗША з рэжымам Лукашэнкі.