Міліцыя не ўбачыла крыміналу ў фальсіфікацыі леташняга “Еўрафэста”

Праз тры месяцы музыкі дачакаліся адказу на сваю просьбу пакараць тых, хто фальсіфікаваў вынікі леташняга адбору на “Еўрабачанне”.

“Паведамляю, што 04.06.2013 ва УУС Адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска паступіў Ваш зварот пра магчымыя парушэнні пры правядзенні Нацыянальнага адборачнага тура праекта “Еўрафэст”. Падчас праверкі парушэнняў дзеючага адміністрацыйнага і крымінальнага заканадаўства не выяўлена, орган крымінальнага пераследу аб'ектыўна прыходзіць да высновы пра спыненне далейшых праверачных мерапрыемстваў. Начальнік упраўлення В.Ул. Радзевіч", — гаворыцца ў афіцыйным адказе, які атрымалі музыкі.

“Мы не здзіўленыя. Адказу мы чакалі тры месяцы, паперу перакідвалі з аднаго ведамства ў іншае. Таму стала зразумела, што крымінальную справу пачынаць не будуць, — каментуе для Еўрарадыё вакаліст Litesound Дзмітрый Каракін. — Гэта ўсё выглядае вельмі своеасабліва. Былі відавочныя парушэнні закона, а нам даюць адпіску адным сказам, што не ўгледжана ніякіх парушэнняў”.

Нагадаем, у лютым 2012 года пераможцай адбору на “Еўрабачанне” абвясцілі Алёну Ланскую. Але праз тыдзень, пасля ўмяшальніцтва незалежнай прэсы Аляксандр Лукашэнка асабіста абвясціў, што вынікі галасавання нехта падтасаваў, і на конкурс мусіць ехаць гурт Litesound:

"Вынікі падтасавалі, не ведаю навошта. Падставілі гэтую дзяўчынку [Алену Ланскую], таленавітую спявачку. Не ведаю, як вы з ёй будзеце разбірацца цяпер. І пакрыўдзілі гэтых хлопцаў [Litesound], якія фактычна аказаліся па ўсіх крытэрах пераможцамі. Яшчэ раз падкрэсліваю: пытанне ў справядлівасці", — сказаў тады кіраўнік краіны.

У сярэдзіне красавіка музыкі Litesound Зміцер і Уладзімір Каракіны звярнуліся да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка з просьбай распачаць справу па частцы 2 артыкула 424 і частцы 1 артыкула 427 Крымінальнага кодэкса — злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае з асабістай зацікаўленасці, і службовая падробка. Адмоўны адказ на свой зварот яны атрымалі толькі зараз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі