Мікола Дземідзенка: Ахоўнікі Старыкава білі нас, як дзяўчынкі

Мікола Дземідзенка: Ахоўнікі Старыкава білі нас, як дзяўчынкі

Актывіст “Маладога Фронту” Мікола Дземідзенка распавёў Еўрарадыё, што адбылося на сустрэчы з расійскім прапагандыстам Мікалаем Старыкавым у Мінску. Паводле слоў актывіста, ён разам з прыкладна дзесяццю аднадумцамі прыйшоў у Дом Масквы, дзе была запланаваная сустрэча з вядомым прыхільнікам “рускага міру”.

Дземідзенка: “Пачаў выступаць Старыкаў. Мы яму прапанавалі сабраць чамадан, заехаць на вакзал і паехаць у Расію. Гучна прапанавалі і пачалі дудзець у футбольныя дудзелкі. Усё — пачалася бойка”.

Паводле Дземідзенкі, на яго і аднадумцаў напалі невядомыя людзі, якія больш нагадваюць “чарнасоценную дружыну”, чым прафесійную ахову. Яны мелі нейкія бэджыкі, аднак суразмоўца Еўрарадыё не паспеў прачытаць, што на гэтых бэджыках напісана. Гэтыя людзі спрабавалі прымяніць фізічную сілу, але моцных пабояў не нанеслі. “Білі, як дзяўчынкі. Не змогуць яны абараніць “рускі мір” ад беларускіх нацыяналістаў”, — пажартаваў маладафронтавец.

Пасля выгнання з залы маладыя дэмактывісты сышлі з Дома Масквы. Мікола Дземідзенка кажа, што на імпрэзе прысутнічаў адзін міліцыянт, але ён не рабіў ніякіх спробаў умяшацца ў сітуацыю. Таксама ён не выклікаў падмацаванне, таму наўрад ці гэтым інцыдэнтам будуць займацца праваахоўнікі.

Што да публікі ў зале, то са словаў Дземідзенкі яна амаль на дзве траціны складалася са студэнтаў, якія не выказвалі відавочнай цікаўнасці да ідэалогіі “рускага міра”.

Нагадаем, што ў Мінску планавалі дзве сустрэчы з Мікалаем Старыкавым — у гатэлі “Беларусь” і ў кнігарні “Светач”, аднак іх адмянілі пад ціскам грамадскасці і вырашылі правесці толькі адну імпрэзу — у Доме Масквы.

Фота: bchd.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі