Міхаіл Орда: больш за 50% подпісаў мы сабралі па месцы жыхарства людзей

Міхаіл Орда: больш за 50% подпісаў мы сабралі па месцы жыхарства людзей

Больш за палову подпісаў за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі было сабрана падчас пакватэрнага абыходу. Пра гэта кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Міхаіл Орда паведаміў у каментары парталу TUT.by. 

"Па месцы жыхарства подпісы збіраем таксама практычна ва ўсіх рэгіёнах. У цэлым больш за 50% подпісаў мы сабралі менавіта па месцы жыхарства людзей", — заявіў кіраўнік Федэрацыі прафсаюзў Беларусі. 

Таксама подпісы за кіраўніка дзяржавы збіралі на дзяржаўных і прыватных прадпрыемствах. "Што тычыцца прадпрыемстваў, то гэта і прыватныя, і дзяржаўныя арганізацыі. Але тут некалькі няправільна казаць пра "абыход прадпрыемстваў". Зборам подпісаў там, як правіла, займаюцца самі работнікі гэтых прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у нашу ініцыятыўную групу", — патлумачыў Орда. Па яго словах, збор подпісаў праводзіцца падчас абеду і пасля працы.

Раней паведамлялася, што за вылучэнне Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты падпісаліся каля 1,5 мільёна чалавек. Журналісты пацікавіліся ў Орды, колькі подпісаў паставілі мінчукі.

"Улічваючы, што ў сталіцы сёння пражывае дастаткова вялікая колькасць людзей, то і подпісаў за вылучэнне нашага кандыдата сабрана шмат. Але ведаеце, напэўна, няправільна будзе дзяліць — Мінск, раёны, вёскі і так далей. Пры выбарах прэзідэнта ўся краіна гэта, вобразна кажучы, адна выбарчая акруга", — сышоў ад адказу кіраўнік афіцыйных прафсаюзаў. 

Ён паабяцаў, што неўзабаве ўсюды з'явяцца пікеты, на якіх можна будзе пакінуць подпіс за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі. Пакуль што такія пікеты былі адзінкавымі. 

"Так, пікеты будуць. Гэта магчымасць для тых людзей, да якіх мы не дайшлі, падпісацца за вылучэнне нашага кандыдата. Як правіла, гэта будуць пікеты ў рэгіёнах. Напрыклад, сёння арганізаваны пікет у Гродне. Таксама яны будуць праходзіць у іншых галінах. Анансаваць іх у рэспубліканскім маштабе для нас няма сэнсу. А ў рэгіёнах людзі, вядома, будуць апавешчаныя", — патлумачыў кіраўнік ініцыятыўнай групы.

Адзначым, што збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары пачаўся месяц таму. На гэтым тыдні ён завяршаецца: апошні дзень збору подпісаў — 19 чэрвеня. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі