Меркель пасля доўгага маўчання выказалася пра вайну ва Украіне

Ангела Меркель / Reuters

Экс-канцлерка Германіі Ангела Меркель выказала салідарнасць з Украінай, а расійскую агрэсію супраць гэтай краіны назвала "варварскай вайной". Гэтыя заявы яна зрабіла на цырымоніі развітання з адыходзячым прэзідэнтам Аб'яднання нямецкіх прафсаюзаў. Пра гэта піша Reuters.

Меркель сказала, што не будзе даваць парады з боку, але яна падтрымлівае намаганні ўрада па "спыненні гэтай варварскай вайны".

Меркель маўчала аб тым, што адбываецца ва Украіне больш за тры месяцы. Яна каментавала вайну толькі аднойчы — у канцы лютага, калі Расія толькі пачала баявыя дзеянні. Тады палітык заявіла, што аперацыі Расіі ва Украіне будуць мець наступствы ў далёкай перспектыве.

"Для гэтага абуральнага парушэння міжнароднага права няма апраўдання. Я асуджаю гэта самым сур'ёзным чынам",сказала тады Меркель.

Reuters нагадвае, што Меркель раней была вельмі добразычліва настроена па адносінах да Расіі — падтрымлівала праект "Паўночны паток-2" і лічыла неабходным працягваць размову з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным нават пасля анексіі Крыма і канфлікту на ўсходзе Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.