Майтай “Рассветы”

Пра гэта кажа сам лідар калектыву, які, змяніўшы назву, плануе сур’ёзна заняцца прасоўваннем гурта ды гастрольнай дзейнасцю. З’яўленне дэбютнага альбома “Рассветы” — першы крок да гэтага.

Майтай” усё так жа можна назваць пост-панкам з відавочным уплывам рускага року і ўсходняй філасофіі. Тэксты песень усё гэтак жа прасякнутыя роздумамі і любоўю Андрэя да Ўсходу, якія выканаўца ўдала перакладае на нашу рэчаіснасць. Лірыка “Майтай” вельмі рознабаковая і рознанастроевая, з гумарам, ды радкамі “на цытаты”. Дарэчы, тэксты на альбоме слухаюцца і ўспрымаюцца без дадатковага напружання. Такім у беларускай музыцы “грашаць” хіба толькі Шадзько ды Чарапко-Самахвалаў, хоць іх творчасць нельга параўноўваць.

Сваёй музыкай “Майтай” пастаянна адкідае слухача да творчасці гуртоў “Кино” (И восходит солнце…), “Пикник” (Батальоны), “Гражданская Оборона” (Тишина)... Адчуванне, што з часоў “ТайLand” Дзяркоў сур’ёзна пазаймаўся вакалам, але пры гэтым не перастаў нагадваць маладога Глеба Самойлава.

Па словах Андрэя, альбом “Рассветы” канцэптуальны. Асновай для яго стала тэма асабістага духоўнага пошуку. Сапраўды новы праект музыкі вельмі асабісты і глыбокі, што перашкаджае прымераць пачутыя эмоцыі на сябе, а адпаведна, пакідае спрэчныя ўражанні. І ўсё ж, калі не ўлічваць апошнюю інструментальную кампазіцыю, то ўсе 12 трэкаў альбома — выдатная бардаўская песня ў электрычным гучанні.

Нельга не адзначыць якасць запісу, прапрацаванасць аранжыровак. Хоць за ўнутранымі перажываннямі Андрэя часам на гэта не звяртаеш увагі. А фішачак хапае (у адрозненні ад “ТайLand”) і гэта не дзіўна, бо ў гурце сабраліся выдатныя музыкі: гітарыст Павел Трацяк (J:морс, “Крамбамбуля”, “Мантана”), басіст Аляксандр Мышкевич (Chiefs Band, J:морс, “Крамбамбуля”) і бубнач Павел Мамонаў (Chiefs Band). Хацелася б паглядзець на “Майтай” жыўцом! Думаю, гэта будзе ў разы цікавей чым запіс.

Скачаць альбом "Рассветы" гурта "Майтай" можна на сайце ultra-music.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі