Вы тут

Маякоўскі ў джазе і ў рэпе ад Змітра Вайцюшкевіча: выйшаў альбом “Люблю” (аўдыё)

Фота Алекса Жарнасека

Зміцер Вайцюшкевіч выпусціў новы альбом “Люблю” на вершы Уладзіміра Маякоўскага. Гэта другое прычыненне беларускага музыкі да творчасці рускага паэта. Першы “сумесны” LP, “MW”, выйшаў у 2005 годзе. Новы дыск “Люблю” — адначасова праца над памылкамі і крок наперад.

“Ён больш разнастайны па стылях: ад джазу і акадэмічнай музыкі да альтэрнатыўнага року ды хіп-хопу, — распавядае Вайцюшкевіч. — Да таго ж мінулым разам было зашмат словаў, а цяпер я хацеў больш музыкі. Ну, і некалькі песень з першага альбома нанова перарабіў. Як мне падаецца, больш удала”.

На альбоме “Люблю” вершы Маякоўскага двойчы гучаць па-беларуску: “Паслухайце” у перакладзе Рыгора Барадуліна і “Размова з фінінспектарам аб паэзіі” у перакладзе Віталя Рыжкова. 

“Можна наогул сказаць, што альбом “Люблю” — гэта “супольны праект”. У яго запісе бралі ўдзел музыкі гуртоў WZ-Orkiestra, Apple Tea, “Крама”, а таксама беларуска-амерыканскі віяланчэліст Марк Прыходзька, гітарысты Сціў Крамер і Майк Рубін, хор “Канкордыя”. Большасць з іх будзе граць і на канцэртнай прэзентацыі. Таму канцэрт сапраўды ўнікальны”, — звяртае ўвагу Вайцюшкевіч.

Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца ў зале “Ок16” (вул. Кастрычніцкая, 16). У першай частцы прагучыць новы альбом, у другой — лепшыя песні з іншых дыскаў Вайцюшкевіча.