Вы тут

Масты будуць падаць, а людзі з'язджаць: эканамічных сцэнароў шмат, і ўсе дрэнныя

У беларусаў усё больш падстаў пераязджаць / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Росту даходаў беларусаў у 2022 годзе не прадбачыцца, а масты працягнуць абвальвацца. Хоць палітычны крызіс пакуль не моцна адбіўся на эканоміцы, узровень жыцця будзе паступова пагаршацца. Гэта не падштурхне людзей да пратэстаў, але прымусіць усё больш задумвацца пра пераезд у іншую краіну або пра працоўную міграцыю.

Пра гэта расказалі эксперты на канферэнцыі Reshape, якую праводзіць "Цэнтр новых ідэй".
 

"Долар скокне да трох рублёў, але людзі не выйдуць на вуліцы"

Пераацэньваць уплыў эканомікі на палітычныя настроі не варта. Сацыяльная напружанасць у Беларусі склалася праз адчуванне небяспекі, лічыць незалежны сацыёлаг Філіп Біканаў.

Нават палітычна нейтральныя беларусы не адчуваюць сябе ў бяспецы / звесткі Chatham House

Ён нагадвае, што пратэсты ў Беларусі супадалі з эканамічнымі ўзрушэннямі, але прычына саміх пратэстаў была ў тым, што ўлада паводзіла сябе несправядліва ў дачыненні да людзей. Напрыклад, у 2017 годзе, калі падняліся пратэсты "дармаедаў".

— Нейкіх індыкатараў, што людзі гатовыя трываць яшчэ крыху, а потым долар скокне да трох рублёў — і яны выйдуць на вуліцы, хутчэй за ўсё, няма.

Акрамя таго, 2021 год стаўся нашмат больш удалым, чым прагназавалі чыноўнікі і эксперты, праз экспартны цуд. Таму эканоміка не стала дадатковым моцным шокам для беларусаў.

З транспартаваннем беларускага калію ўжо сур'ёзныя праблемы / Еўрарадыё

Чакаецца, што экспартны цуд захаваецца прынамсі ў першым паўгоддзі 2022 года. Аднак такога вялікага эфекту на эканамічны рост, як у сярэдзіне мінулага года, ужо няма.

Яшчэ сёлета затармозяць рост санкцыі па каліі і нафтапрадуктах, якія ўступаюць у дзеянне.

— На фоне астатняга экспартнага цуду гэта рэчы не такія значныя. Экспарт за мінулы год вырас амаль на 11 мільярдаў долараў. Страцім, скажам, два мільярды на каліі і яшчэ тры мільярды на нафтапрадуктах. Гэта непрыемна, але не крытычна, — кажа Кацярына Барнукова.

— Мы можам убачыць, напрыклад, рост адноснага экспарту ў грашах, але пры гэтым наўрад ці ўбачым паляпшэнне структуры эканомікі і сітуацыі з даходамі людзей, таму што прагнозы ўрада, асабліва па інфляцыі, складана выканальныя, — дадае Уладзімір Кавалкін.
 

Паступовы рост можа змяніць рэзкі спад

Найбольш імавернага сцэнара для беларускай эканомікі не праглядаецца. Усё моцна залежыць ад экспарту, а сітуацыя ў свеце змяняецца вельмі хутка.

Экспарт дапамагае зарабляць валюту, якая вельмі важная для пагашэння даўгоў / Еўрарадыё

— Літаральна тры месяцы таму ФРС ЗША казаў, што інфляцыя не ёсць пагрозай. А сёння ўсе цэнтрабанкі свету б'юць у бубен і крычаць, што інфляцыя як у сямідзясятых гадах і трэба тэрмінова з ёй змагацца, — кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.

Чакаецца, што ФРС ЗША моцна падыме ключавую стаўку. Гэтаксама, хутчэй за ўсё, будуць рабіць і іншыя цэнтрабанкі. Напрыклад, нядаўна ключавая стаўка паднялася ў Расіі. Гэта значыць, што грошы стануць даражэйшыя, а людзі і бізнес будуць траціць менш. Гэта замарудзіць рост цэн, але саб'е эканамічны рост.

— Сцэнароў [для Беларусі. — Еўрарадыё] вельмі шмат, але важна ўлічваць, што пасля такога набору вышыні змена кан'юнктуры часта абарочваецца сур'ёзным прасяданнем. Цяперашні перыяд нагадвае перыяд сакавіка — верасня 2008 года. Таксама рэзкі рост і вялікі знешні попыт. Вы ўжо настроіліся каваць жалеза пакуль гарачае, пампаваць экспарт, які павінен быць спажыты на сусветным рынку. Потым знешняя атмасфера мяняецца. Адаптавацца пад зменлівую рэальнасць для мяккага ўплыву на эканоміку досыць складана.

Таму, калі глабальная эканоміка пачне запавольвацца, паступовы рост у 2021 годзе можа змяніцца рэзкім спадам.
 

Пакуль Нацбанку ўдаецца адмаўляцца друкаваць грошы

Нацбанк намагаецца адмаўляцца ад уключэння друкарскага станка / Еўрарадыё

Калі справы пойдуць зусім дрэнна, то ўлады могуць паспрабаваць стымуляваць рост эканомікі з дапамогай друкарскага станка. Невядома, ці зможа Нацбанк гэтаму супрацьстаяць, але ў апошнія гады атрымлівалася.

— У Нацбанка ёсць засцерагальнік, які называецца "вялікі дзяржаўны доўг, намінаваны ў валюце". І як толькі да іх прыходзяць з прапановай надрукаваць грошай, каб пусціць іх у інвестыцыі, яны кажуць: "Добра, мы друкуем, але гэта будзе інфляцыя, дэвальвацыя. Як будзем выплачваць наш знешні доўг? Будзем ездзіць у Расію па крэдыты ўтрая часцей?" — кажа Кацярына Барнукова.

Цяпер вялікай неабходнасці друкаваць грошы для інвестыцый няма, але сітуацыя можа хутка змяніцца.
 

Паданне мастоў працягнецца — эканоміць усё-ткі даводзіцца

Рост эканомікі ўжо запавольваецца. Пры гэтым структурныя праблемы нікуды не дзеліся. Значыць, вялікіх даходаў не прадбачыцца, а плаціць па даўгах трэба.

Таму ўлады спрабуюць эканоміць, і перш за ўсё зніжаюцца расходы на інфраструктуру, заўважае Уладзімір Кавалкін.

— Гэта ўжо выяўляецца ў тым ліку ў паданні мастоў. Проста няма грошай на капрамонт вельмі шмат якіх рэчаў.

Гэта значыць, што беларусаў чакаюць разбітыя дарогі, непрыбраныя вуліцы і занядбаныя паркі.
 

"Міграцыя становіцца значна больш лёгкім мерапрыемствам"

Беларусам становіцца лягчэй пераязджаць / Еўрарадыё

У апошнія гады беларусы сталі часцей выязджаць на заробкі за мяжу. З палітычным крызісам гэтая тэндэнцыя ўзмацнілася, а шмат каму давялося зусім пераехаць.

— Па звестках Еўрасаюза, у 2018 годзе раптам падляцела колькасць дазволаў на пражыванне да 130-140 тысяч за год. Гэта шмат для Беларусі, — кажа Кацярына Барнукова.

У перыяд аднаўлення ў 2021 годзе ў Беларусі назіраўся адток кадраў. Хоць павінна быць наадварот, калі сітуацыя ў эканоміцы паляпшаецца. Хутчэй за ўсё, шмат хто з'ехаў.

— Пакуль няма звестак, каб можна было сцвярджаць, што ў 2021 годзе з'ехала больш за сто тысяч чалавек, напрыклад. Іншая рэч, што можа паўстаць сеткавы эфект. Калі ты ведаеш многіх людзей, якія з'ехалі, справіліся з пошукам працы, калі, умоўна, ёсць чацік "Беларусы Кракава", у які заходзіш і вырашаеш усе пытанні, міграцыя становіцца значна больш зразумелым і лёгкім мерапрыемствам, — кажа Кацярына Барнукова.

На думку эксперткі, праз тое, што разрыў у заробках беларусаў і суседзяў будзе расці, усё больш людзей будуць выбіраць міграцыю і з эканамічных, і з палітычных прычын.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.