Вы тут

Макей пракаментаваў паездку Джулі Фішэр у Еўропу міма Мінска

Уладзімір Макей / Еўрарадыё​

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сказаў, што яму зразумелае жаданне прызначанай амбасадаркі ЗША Джулі Фішэр атрымаць больш інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі, але незразумелая "аднабокая арыентацыя інфармацыі", перадае Sputnik Беларусь.

"Чаму не было жадання атрымаць афіцыйныя каментары?" — сказаў Макей. Паводле яго слоў, у МЗС Беларусі звярнулі ўвагу на паездку Джулі Фішэр у Еўропу, дзе яна сустракалася ў тым ліку з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.

"Мы кантактуем тут з пасольствам ЗША. Але калі зноў прызначаны амбасадар будзе прадстаўляць сваё бачанне развіцця адносінаў паміж Беларуссю і ЗША ў Дзярждэпе на падставе толькі інфармацыі, якую яна знайшла ў Вільні, і ў Варшаве, і Стакгольме, то гэта будзе аднабаковае бачанне", — лічыць Уладзімір Макей.

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства сказаў, што ў Мінску хацелі б бачыць амерыканскую амбасадарку, але калі ў Джулі Фішэр "ёсць нейкія перадузятасці, звязаныя з уручэннем даверчых грамат, то трэба падумаць яшчэ".

Адначасова кіраўнік беларускага МЗС заявіў, што краіна зацікаўленая ў развіцці адносін з ЗША.

З 1 па 8 лютага Джулі Фішэр правяла некалькі сустрэч у еўрапейскіх краінах. Напярэдадні гэтай паездкі паведамлялася, што дыпламат абмяркуе з еўрапейскімі чыноўнікамі, навукоўцамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, што можна зрабіць для падтрымкі беларускага народа ў пытанні незалежнасці і суверэнітэту, а таксама ў пытаннях умацавання дэмакратыі і павышэння дабрабыту. Падчас гэтай паездкі Джулі Фішэр сустрэлася з Паўлам Латушкам і са Святланай Ціханоўскай.

Джулі Фішэр і Святлана Ціханоўская / twitter.com/USEmbBy

Па-ранейшаму застаецца адкрытым пытанне, калі Джулі Фішэр прыедзе ў Мінск. 10 лютага кіраўнік прэс-службы амерыканскага знешнепалітычнага ведамства Нэд Прайс не стаў адказваць на гэтае пытанне. "У мяне няма для вас ніякіх навін адносна яе планаў, якіх-небудзь планаў пра паездку ў Беларусь",сказаў ён.

Мінск і Вашынгтон дамовіліся абмяняцца амбасадарамі пасля 12-гадовага перапынку ў 2019 годзе. У лютым 2020 года дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа наведаў Мінск і заявіў, што найбліжэйшым часам ЗША прызначаць свайго амбасадара. На гэтую пасаду была вылучаная Джулі Фішэр. Вашынгтон не прызнаў вынікі выбараў у Беларусі, тым не менш у снежні 2020-га года Сенат ЗША зацвердзіў Фішэр амбасадарам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.