Вы тут

Макей — пра санкцыі: "Беларусь можа ў выніку сапраўды страціць суверэнітэт"

Уладзімір Макей / Еўрарадыё

Санкцыйны ціск на Беларусь можа прывесці да страты суверэнітэту. Пра гэта міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1".

Макей раскрытыкаваў прадстаўнікоў апазіцыі, якія заклікаюць да санкцый супраць беларускага рэжыму. Ён спаслаўся на аўтарытэт Зянона Пазняка, які таксама крытыкуе санкцыі: 

"Нават у маім разуменні сапраўдны апазіцыянер, загартаваны апазіцыянер, такі як Зянон Пазняк, ужо шмат разоў выказваўся на гэтую тэму і казаў пра тое, што тыя людзі, якія цяпер заклікаюць да санкцый супраць свайго народа, не толькі па-дурному паводзяць сябе, яны ідыёты. І ён робіць выснову, што Беларусь можа ў выніку сапраўды страціць суверэнітэт, незалежнасць і дзяржаўнасць. Я абсалютна згодны з меркаваннем Зянона Пазняка і лічу, што шмат у чым вінаватыя тыя людзі, якія сёньня заклікаюць да санкцый", — заявіў кіраўнік МЗС. 

Напярэдадні Макей удзельнічаў у саміце міністраў замежных спраў краін АБСЕ ў Стакгольме. Там ён таксама казаў пра пагрозу страту суверэнітэту.

Таксама на саміт была запрошаная лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская. Гэтае запрашэнне міністр назваў "непрыстойным", пры гэтым ні разу не назваўшы Ціханоўскую нават па прозвішчы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.