“Мадэрнізацыя? Ідзе да завяршэння, але пакуль не завяршаецца”

У прыёмнай “Віцебскдрэва” пра мадэрнізацыю прадпрыемства ведаюць і расказваюць з імпэтам. Толькі вось тэрмінаў не называюць.

“Тэрмінаў пакуль у нас не называюць. Яна (мадэрнізацыя. — заўв. Еўрарадыё) набліжаецца да завяршэння. Але пакуль яшчэ не завяршаецца”

У мінулым ліпені Лукашэнка выдае чарговы ўказ “па дрэваапрацоўцы”. 9 прадпрыемстваў павінны мадэрнізавацца да… канца 2014 года. Сярод іх згаданы вышэй “Віцебскдрэў”, а таксама “Барысаўдрэў”. Але гэты тэрмін не ратуе мінскага губернатара Барыса Батуру, намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Тура і старшыню канцэрна “Беллеспаперпрам” Аляксандра Пераслаўцава. Усе трое губляюць працу і накіраваныя на “Барысаўдрэў”. Калі з мадэрнізацыяй не справяцца, то трапяць за краты.

Разам з імі трапіць туды мае шансы і намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка. Лукашэнка паабяцаў не чапаць яго да наступнай справаздачы па мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі. У аддзеле тэхнічнага развіцця “Гомельдрэва” гавораць, што працуюць менавіта паводле графікаў, падпісаных Сямашкам.

“Усё ідзе па графіках, якія падпісаныя Сямашкам і канцэрнам. Усё гэта ўзгоднена. А мадэрнізацыя пакуль не завершаная”.

Як паказвае апытанне Еўрарадыё, тэмпы мадэрнізацыі іншых прадпрыемстваў пакуль мала адрозніваюцца ад “Барысаўдрэва”. Дый не павінны адрознівацца: для ўсіх прадпрыемстваў яе завяршэнне, згодна з указам Лукашэнкі, прызначанае на канец 2014 года. Адрозніваюцца кошты мадэрнізацыі. Калі верыць указу Лукашэнкі, то для раскрытыкаванага кіраўніком краіны “Барысаўдрэва” яна абыходзіцца амаль ўдвая танней, чым для “Гомельдрэва” (108 млн еўра крэдытаў супраць 190 млн). Або “Мастоўдрэва”, якому банкі пад гарантыі ўрада павінны выдзеліць на мадэрнізацыю 180 мільёнаў еўра. Галоўны інжынер гэтага прадпрыемства Андрэй Макавец гаворыць Еўрарадыё, што мадэрнізацыя пакуль дайшла да паловы і завяршыцца павінна ўпрытык з запланаванымі ўрадам тэрмінамі.

“Асноўны этап мадэрнізацыі па стварэнні вытворчасці МДФ знаходзіцца, я б сказаў, у сярэдзіне стадыі. То бок у кастрычніку пачаўся мантаж абсталявання. Тэрміны і графікі мы маем ад нямецкага боку. Па маіх прагнозах, на завяршэнне ўсяго патрэбны яшчэ год”.

Што будзе з урадам, калі дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы не мадэрнізуюцца ў тэрмін, ведае толькі сам Лукашэнка. Падобна на тое, што іншых праблем у краіне альбо ўвогуле не існуе, альбо пра іх кіраўнік краіны проста нічога не ведае.

Фота 99px.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі