Суд аштрафаваў маці гомельскага валанцёра Іллі Міронава Валянціну — яна павінна заплаціць 407 рублёў (11 базавых велічыняў). Як пішуць праваабаронцы, жанчыну прызналі вінаватай у "распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі" (артыкуле 19.11 КаАП).
Паведамляецца, што пры затрыманні жанчну вадзілі ў кайданках у позе "ластаўкі".
Сам Ілля Міронаў знік. Апошні раз яго бачылі ў судзе Савецкага раёна Гомеля, дзе хлопец 17 сакавіка чакаў суда над маці. З таго часу з ім няма сувязі. Хутчэй за ўсё, яго затрымалі.
Як распавядала Еўрарадыё, напярэдадні Міронаў выйшаў на волю з чарговых "сутак" і знайшоў сваю кватэру разгромленай. Яго маці была ў той самы дзень затрыманая.
Міронаў — былы палітвязень, асуджаны на 1,5 года за "дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь". Пасля выхаду на волю актывіста ўжо некалькі разоў арыштоўвалі па адміністрацыйных справах.