“Любую краму можна зачыніць. Гэта я вам як былы эканаміст кажу”

Не паспела Міністэрства гандлю атрымаць дазвол на закрыццё крам за выяўленыя парушэнні, як адразу пачало карыстацца новымі паўнамоцтвамі. За тыдзень працы кантралёраў, а іх па ўсёй краіне толькі 34 чалавекі, за розныя парушэнні, у тым ліку, пратэрмінаваныя прадукты і недастатковую колькасць беларускіх тавараў, былі часова зачыненыя 3 крамы “Гиппо”, адзін “Еўраопт”, а таксама 7 крамаў “Электрасіла” і “5 элемент”.

“Па “Гиппо” на 7 дзён прыпыненая дзейнасць. Але яны маюць права выправіць недахопы раней і звярнуцца ў міністэрства. Тады мы правяраем і даём дазвол на адкрыццё”, — тлумачаць схему ў міністэрстве гандлю.

А што думаюць людзі пра закрыццё крам?

Каля зачыненага “Гиппо” на сталічнай вуліцы Жукоўскага апоўдні ўжо некалькі чалавек. Спрабуюць па звычцы зайсці і нешта купіць. На дзвярах абвестка: “Крама зачыненая. Просім прабачэння за нязручнасці”.

“Не заўважала, каб быў тут пратэрмінаваны тавар. Ды тут яшчэ ёсць “Еўраопт” і “Віталюр”. Я заўжды правярала тэрмін прыдатнасці, усё нармальна было”, — кажа пра зачынены маркет маладая мама Вераніка.

Кожную хвіліну ў краму спрабуе нехта зайсці. Каб упэўніцца, што абвестка пра закрыццё не хлусіць, спрабуюць штурхаць дзверы.

“Тут бывае нешта на зніжках, добрае малако бывае, тварог. Таму сюды прыходжу. Добрыя сухафрукты тут. А так, у іншыя крамы можна хадзіць”, — не асабліва пераймаецца Анна Валер’еўна — пенсіянерка, якая не ведала, што краму зачынілі.

Яўгенія раней хадзіла ў зачыненую краму штодня, цяпер давядзецца мяняць звычкі. Яны прыгадвае, што садавіна была не вельмі.

Бывала праблема з садавіной, бывалі гнілаватыя. А малочныя прадукты мяне задавальнялі. Але ёсць куды схадзіць усё адно. Праўда, па коштах тут было танней”.

Праз паўгадзіны ля крамы збіраюцца некалькі пенсіянерак і адзін пенсіянер, якія прыходзіць падзяліцца навінамі. Распавядаюць, хто і навошта яе зачыніў. Пасля пачынаецца абмеркаванне: ці мелі рацыю кантралёры з Мінгандлю.

“Любую краму можна зачыніць, знайсці там парушэнні. Гэта я вам як былы эканаміст кажу”, — даводзіць астатнім адна з пенсіянерак.

Ля зачыненага чыноўнікамі мінскага “Еўраопта” ва Уруччы па вуліцы Нікіфарава вісіць абвестка: “Крама зачыненая па тэхнічных прычынах”. Наведвальнікаў амаль няма, за 15 хвілін зайсці па прадукты спрабуюць толькі дзве пенсіянеркі.

“Парушэнняў у гэтай краме, тым больш пратэрмінаванай прадукцыі, не прыгадваю, але ж не проста так зачынілі, штосьці знайшлі ж”, — пагаджаецца Іна Валер’еўна. І накіроўваецца ва ўніверсам “Першамайскі”, праз дарогу.

Зачынены "Гиппо" на Жукоўскага

Зачыненая крама "Еўраопт"

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі