Лёс дома Караткевіча вызначыцца ў верасні, краўдфандынг не абвешчаны

Лёс дома Караткевіча вызначыцца ў верасні, краўдфандынг не абвешчаны

Лёс аршанскага дома пісьменніка Уладзіміра Караткевіча вызначыцца ў верасні. Пра гэта ў сацсетках паведаміў грамадскі актывіст Глеб Лабадзенка

Па яго словах, цяперашняя гаспадыня будынка жыве ў Адэсе і прыедзе ў Беларусь толькі ў верасні. 

"Без яе прысутнасці аформіць продаж немагчыма. На сённяшні момант яна атрымала цэлы шэраг прапановаў пра набыццё гэтай хаты. Без асабістых перамоваў абвяшчаць збор сродкаў будзе неабачліва, бо ніхто не можа загадаць гаспадыні прадаваць хату нам, а не каму іншаму. Гэта яе права, якое трэба паважаць", — тлумачыць сітуацыю Лабадзенка. 

Ён дадае, што цяпер хата знятая з продажу, бо гаспадыня мае шмат прапановаў і не хоча залішняга ажыятажу. Таксама Лабадзенка паведамляе, што гаспадыня разумее значнасць асобы Уладзіміра Караткевіча і падтрымлівае "ідэю захавання гэтай хаты ў мемарыяльных мэтах". 

Аб продажы аршанскага дома Уладзіміра Караткевіча стала вядома на мінулым тыдні. У гэтым будынку жылі яго бацькі. Тут быў напісаны такі вядомы твор, як "Дзікае паляванне караля Стаха". 

Пасля смерці бацькоў у будынку жылі пляменніца з мужам, а пасля іх смерці дом адышоў далёкай сваячцы, якая жыве ў Адэсе. Яна выставіла дом на продаж за амаль 34 тысячы рублёў (каля 17 тысяч долараў). Паводле пэўных звестак, некаторыя з патэнцыйных пакупнікоў сабраліся пасля выкупу знесці дом, каб паставіць новы будынак. Хата Караткевіча не мае мемарыяльнага статусу.  

Для захавання будынку грамадскія актывісты прапанавалі правесці кампанію краўдфандынгу і выкупіць яго.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі