Лукашэнка заявіў, што ў Курапатах неўзабаве створаць мемарыяльны комплекс

Лукашэнка заявіў, што ў Курапатах неўзабаве створаць мемарыяльны комплекс

У пятніцу, 24 сакавіка, падчас наведвання Лідскага раёна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Курапатах у бліжэйшы час створаць мемарыяльны комплекс, "месца пакланення людзям, якія там загінулі". "Я даручыў стварыць акуратны, не гіганцкі (не Брэсцкую крэпасць) мемарыял, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Цяпер ідзе конкурс. Мы зробім гэты мемарыял, магчыма, нешта накшталт невялікай капліцы".

Як вядома, на працягу дзесяцігоддзяў улады мала цікавіліся Курапатамі, урочышчам на ўскраіне Мінска, дзе пахаваныя імаверна дзясяткі тысяч ахвяраў савецкіх карных органаў. Гэтае месца даглядалі грамадскія актывісты, сябры КХП БНФ, Партыі БНФ. Аднак сёлета ўлады вырашылі стварыць там мемарыял, у рэдакцыі газеты "СБ. Беларусь сегодня" прайшоў адмысловы круглы стол. А на 25 сакавіка афіцыйныя прафсаюзы запланавалі ў Курапатах суботнік.

Падчас сённяшняй сустрэчы з працоўным калектывам прадпрыемства "Арвібелагра" Аляксандр Лукашэнка сказаў, што тэму Курапатаў недапушчальна выкарыстоўваць у палітычных мэтах. Ён прыгадаў нядаўнія пратэсты супраць будаўніцтва каля Курапатаў офіснага будынка. Па словах Лукашэнкі, гэты выпадак ніяк не адносіцца да Курапатаў. "Я ніколі не дазволіў бы (тым больш кожны раз езджу на працу міма Курапатаў) нешта будаваць на гэтых землях", — сказаў Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі