Лукашэнка загадаў апазіцыйным партыям удзельнічаць у выбарах

Лукашэнка загадаў апазіцыйным партыям удзельнічаць у выбарах

Парламент павінен прадстаўляць усе пласты беларускага грамадства. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 верасня на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам. Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка. 

На думку кіраўніка дзяржавы, новы склад парламента павінен быць лепшы за папярэдні — каб было развіццё.

Сваіх кандыдатаў павінныя вылучаць прафсаюзныя і грамадскія арганізацыі, а таксама партыі.

"Калі ў нас існуюць сапраўдныя апазіцыйныя партыі — і яны павінны вылучаць сваіх кандыдатаў і абараняць іх падчас перадвыбарнай кампаніі. Гэта таксама вельмі важна. Парламент павінен прадстаўляць ўсе слаі нашага грамадства, каб не было размоў, што ў моладзі там няма прадстаўніцтва або ў старых сваіх дэпутатаў. Яны павінны быць", — заявіў Лукашэнка.

Ён лічыць, што каля 30-35% цяперашняга складу Палаты прадстаўнікоў мусяць зноў атрымаць дэпутацкі мандат, каб захаваць пераемнасць у парламенце. "У адваротным выпадку прыйдуць абсалютна новыя людзі, і іх трэба будзе паўтара года вучыць. Пажадана гэта ядро ​​цяперашняга парламента захаваць", — даў рэкамендацыю кіраўнік Беларусі.

Траціну дэпутатаў, паводле парады Лукашэнкі, павінныя складаць жанчыны. Гэта патрэбна, каб мужчыны не дурылі. "Мужыкі не дураць там, не скачуць, не бегаюць — сорамна перад жанчынамі. Гэта вельмі моцны фактар, які стабілізуе, у любым грамадстве", — патлумачыў ён. 

Таксама кіраўнік дзяржавы папрасіў Андрэйчанку працаўладкаваць дэпутатаў, якіх не абяруць на наступны тэрмін. Ён прапанаваў арганізаваць сваю сустрэчу з дэпутатамі цяперашняга склікання, каб падзякаваць ім за працу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі