Вы тут

Лукашэнка: я не хачу быць апошнім прэзідэнтам Беларусі

Лукашэнка на заводзе ў Шклове /БЕЛТА

У пятніцу, 24 студзеня, Аляксандр Лукашэнка зрабіў гучныя заявы падчас наведвання завода газетнай паперы ў Шклове. Ён сустрэўся з працоўным калектывам прадпрыемства і традыцыйна выказаўся на самыя розныя тэмы. Галоўная з іх — дачыненні з Расіяй.

"Я не хачу быць апошнім прэзідэнтам Беларусі, цытуе словы Лукашэнкі тэлеграм-канал "Пул Першага". — Ганарова быць першым, але апошнім быць я не хачу".

Кіраўнік Беларусі ў чарговы раз пацвердзіў, што ён усімі сіламі будзе захоўваць дзяржаўную незалежнасць. У тым ліку і ў дачыненнях з Расіяй. "Расія пачала падатковы манёўр [у нафтавай сферы] спецыяльна, каб націснуць на Беларусь, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Для чаго яны вырашылі націснуць — здагадайцеся самі".

Такім чынам Лукашэнка пацвердзіў, што на перамовах з Уладзімірам Пуціным ставілася пытанне пра паглыбленне інтэграцыі, якое пагражала Беларусі стратай незалежнасці.

"Нязгода і канфлікт з Расіяй адбыліся з-за таго, што ад нас патрабавалі за нафту плаціць цану большую, чым сусветная", цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.

З 1 студзеня 2020-га спыніліся пастаўкі ў Беларусь расійскай нафты, паколькі перамовы не даюць выніку. Нашай краіне даводзіцца наладжваць альтэрнатыўныя каналы. У пачатку наступнага тыдня чакаецца прыбыццё на "Нафтан" 80 тысяч тон нарвежскай нафты.

"Мы суверэнныя і незалежныя, — казаў Лукашэнка. — Мы сваімі мазгамі і рукамі, што змаглі, зарабілі, будуем сваю краіну. Мы не можам быць часткай нейкай краіны". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не можа здрадзіць беларусаў "і растварыць Беларусь, хай нават у нашай брацкай Расіі".

Пра гэта Аляксандр Лукашэнка сказаў "паўтара-два гады таму назад" Уладзіміру Пуціну. "Гэтага ў Беларусі не можа зрабіць ніхто, — працягваў Лукашэнка. — Нават калі я на гэта пайду, то беларусы мяне з'ядуць на працягу аднаго года пасля прыняцця такога рашэння".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.