Лукашэнка: Я хакеіст ніякі, мне 4 разы шылі твар, апошні раз 6 швоў наклалі

“Брамнік мне рассек твар, але я сам вінаваты, я яго зачапіў”

Падчас размовы з журналістамі тэма хакея не ўзнімалася. Але Аляксандр Лукашэнка не здолеў яе абысці -- ужо развітваючыся расказаў пра небяспекі гэтага віду спорту. 

“Ну, я ж ніякі хакеіст, я хакеіст па няшчасці — стаў займацца, бо зрабіў аперацыю на калене. Тут больш мяккія рухі, хаця, глядзі, каб галаву не адарвалі недзе каля борта, нешта не зламалі ці каб твар не рассеклі. Чатыры разы мне шылі твар у бальніцы. А што швоў не відаць — добра працуюць дактары! Апошні раз так лоб рассеклі клюшкай — шэсць швоў наклалі. Яшчэ, бачыце, зрастаецца! Мы нават жартавалі: “Замах на забойства!” Там усяго хапае… Еўлееў, брамнік, ён мне рассек твар, але я сам вінаваты, я яго зачапіў”.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, са сваёй гульні ў хакей ён не робіць “голы піяр” — гэта яму, нібыта, не патрэбна. Не дзеля піяру, кажа, бярэ ён з сабой касіць розных чыноўнікаў ды замежных гасцей.

“Калі я бягу, а вы хочаце проста паглядзець — калі ласка, але трэба са мной бегчы, на ровары я еду, і вы ровар павінны мець з сабой. І не адставаць пажадана. Бо калі ты на трох кіламетрах ад мяне адстаеш, то я больш з табой бегаць не буду — не хочацца цягнуцца”.

“Я пачынаю з сынам больш гаварыць па-беларуску”

"Не хачу, каб гэтая мова знікла, гэта для мяне вельмі вострае пытанне. Сёння яно стаіць вастрэй, чым раней", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Магчыма, вы і маеце рацыю, — сказаў Лукашэнка ў адказ на прапанову Еўрарадыё правесці сустрэчу на роднай мове, — и президенту нужно больше выступать на белорусском языке".

"Сын мне сказаў, што "я беларускую мову ведаю горш, чым рускую", і я пачынаю з ім гаварыць больш па-беларуску".

Па яго словах, беларускую мову вывучыць не складана, трэба на ёй больш чытаць.

Лукашэнка заяўляе, што добра ведае "сваю мову": "дыктоўкі, пераказы выдатна пісаў па-беларуску".

“Калі выпускаць Статкевіча, то да выбараў, выпускаць пасля — скажуць, спужаўся”

Еўрарадыё: Маю інсайдарскую інфармацыю, што Мікалая Статкевіча вызваліце да 11-га чысла, да дня выбараў…

Аляксандр Лукашэнка: Няверная інфармацыя. Вырашыць гэта магу толькі я, але я не вызначаўся: 11-га гэта будзе, 10-га, ці якога там. Можа, і да 11-га, але я не вызначаўся. Шчыра вам кажу: я гэтае пытанне ў такім рэчышчы не разглядаў. Я не абвяргаю гэтую інсайдарскую інфармацыю, але і не пацвярджаю, бо я не прымаў гэтае рашэнне. 11-га?

Еўрарадыё: Так, да дня выбараў.

Аляксандр Лукашэнка: А! Да 11-га кастрычніка! Кіньце вы, калі я буду прымаць гэтае рашэнне, то я яго прыму да выбараў. Не, ну гэта ж трэба быць дэбілам і ідыётам, каб вырашаць праблему і вырашаць яе няправільна. Яе калі вырашаць, то вырашаць трэба да выбараў, згодны? А то калі пасля выбараў, то скажаце: “Лукашэнка спужаўся!”.

Еўрарадыё: Дык я ж і кажу, што вызвалены будзе да выбараў, да дня галасавання!

Аляксандр Лукашэнка: Дык да іх яшчэ два месяцы. Таму правільна — інфармацыя верная. Калі выпускаць, то выпускаць да выбараў, вось такая інфармацыя будзе правільнай. Калі не выпускаць, ну, то хай — будзе сядзець і геройстваваць там. Вось, гэта абсалютна правільная інфармацыя. Вы разумееце мяне? А то вы зноў пачняце мяне бамбіць, што я паабяцаў і не выканаў.

Еўрарадыё: Але якім з гэтых двух варыянтаў вы скарыстаецеся?

Аляксандр Лукашэнка: Калі гэта будзе першы варыянт, то бліжэйшым часам вы будзеце пра гэта ведаць. Калі другі варыянт, то… Часу шмат. Але я вас пачуў.

“Вы ж не за "даляры" купляеце прадукты і адзенне ў Беларусі”

Абяцанага сярэдняга заробку ў 500 долараў сёння ў Бнларусі няма, а гэта ж адно з перадвыбачых абяцанняў – чаму яно не выкананае?

Тое, што зарплата хоць і вырасла ў рублях, а вось у "далярах" скарацілася, Лукашэнка прызнае. "Але не мы былі ініцыятарамі 30%-ай дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Гэта адбылася на галоўных нашых рынках: у Расіі, Казахстане, Украіне. Мы не маглі з-за гэтых прычын трымаць валюту. Таму і не стрымліваем, ніякіх інтэрвенцый Нацбанка няма. Як складаецца курс, так і складаецца. І так заўжды будзе, — сказаў Лукашэнка.

Па яго словах,  “сітуацыя складваецца па аб’ектыўных прычынах такім чынам, што мы заробак на высокім узроўні трымаць не можам”.

“Грошы мы друкаваць не будзем. Так, я абяцаў заробак 500 долараў. І мы яго пераўзыходзілі значна. Цяпер — крыху ніжэйшы. Але я ўпэўнены, цягам года-двух мы перавысім гэты заробак, вернемся на той узровень заробкаў, які быў учора”.
 

“Лукашэнка-апазіцыянер 1994 года не выйграў бы выбары ў Лукашэнкі сённяшняга”

Адказваючы на пытанне Еўрарадыё, ці перамог бы Лукашэнка прыкладу 1994 году на сёлетніх выбарах, той сказаў: "Сітуацыя была іншая – і знешняя, і ўнутраная. Наўрад ці я б перамог зараз, калі б быў на іх месцы. Сітуацыя такая, што людзі шмат зразумелі і ўсвядомілі, яны маюць нешта ў руках, яны ведаюць, што яны могуць згубіць. Тады ў людзей нічога не было”.

Па словах Лукашэнкі, у 1994 годзе галасы на выбарах лічылі "яшчэ больш жорстка", чым цяпер.

“Я не разумею, што такое “рускі мір”, вы — тым больш!”

Лукашэнка адзначыў, што ідэя рускага свету ― гэта глупства, якое нехта прапанаваў расійскай прапагандзе. Паводле яго слоў, гэта надуманы і дурны тэзіс, а прэзідэнту Расіі не варта прыпісваць тую пазіцыю, якой ён ніколі не прытрымліваўся.

"Гэта няпраўда, што большасць за рускі свет. Я пытаўся ў пасла (расійскага, — заўв. Еўрарадыё): "Што значыць, збіранне рускіх зямель і што такое рускі свет?". Ніхто мне так і не патлумачыў. Але цяпер гэта так не гучыць у расійскіх СМІ. Я думаю, што яны пачулі маё крытычнае пытанне і знялі гэта з парадку дня".

“Абсалютна не падтрымліваю прысутнасць любых войскаў ва Украіне”

Еўрарадыё: Вы неаднаразова казалі, што ў вас быў свой план урэгулявання канфлікту на Данбасе. Яго не прынялі, але ніхто ніколі яго не агучваў. Што ж гэта быў за план?

Аляксандр Лукашэнка: Вы мяркуеце, што я буду агучваць гэты план? Па-першае, з таго прайшло шмат часу, сітуацыя кардынальна памянялася і не стала прасцейшай. Я дэтальна не думаў пра тое, што трэба зрабіць. Самы галоўны пункт — Расія і ЗША павінны сесці за стол перамоваў і спыніць гэтую вайну. Але тады гэта было неактуальна, тады ЗША можна было не падключаць. Можна было абысціся меншымі сіламі і меншай крывёй. Я ўчора сказаў кангрэсменам, што цяпер трэба, каб ЗША падключыліся. Ніякія мінскія дамовы, нармандскія фарматы нічога не вырашаць. Без Амерыкі мы гэты канфлікт не пагасім. І цяпер з гэтым усе згодныя, а гэта была мая прапанова. Яна была выказаная неафіцыйна і таму я яшчэ тады казаў, што не магу свой план агучваць, але цяпер гэта стала рэчаіснасцю.

Еўрарадыё: Перадаю вам пытанні з Украіны, ад палітолага Яўгена Магды, ваеннага эксперта Юрыя Карына і вайскоўца узброеных сіл Юрко Друзя: "Ці падтрымліваеце ўварванне Расеі ва Украіну? Ці гарантуеце, што з тэрыторыі Беларусі ва Украіну не патрапяць расійскія войскі і шпіёны? І колькі расейскіх вайскоўцаў знаходзіцца ў Беларусі?

Аляксандр Лукашэнка: Абсалютна не падтрымліваю прысутнасць любых войскаў ва Украіне. Не толькі расійскіх, але і амерыканскіх наёмнікаў, і шведскіх, і любых іншых. Я дакладна ведаю, што яны там ёсць. Не са сродкаў масавай інфармацыі Расіі. Тое, як падаецца канфлікт ва Украіне ў СМІ Расіі — гэта пасмешышча. Як гэтыя “незалежныя”, якія крытыкуюць уладу, пад казырок узялі, я гэта бачу. Тое ж адбываецца з боку ўкраінскіх СМІ. Цяпер ідзе інфармацыйная вайна, і Расія мацнейшая ў ёй. Таму маё меркаванне не на гэтым базуецца: я вельмі добра праінфармаваны, што на самой справе адбываецца на Данбасе, у Крыме і ўвогуле ва Украіне. Таму, уварвання ва Украіну хоць нейкіх войскаў і наёмнікаў я не падтрымліваю — так ім і перадайце!

Другое, я гэта сказаў на Прыпяці, сустракаючыся з в.а прэзідэнта Турчынавым. У іх былі перасцярогі, што з боку Беларусі будзе атакаваны Кіеў. Нават думалі, што і мы будзем у гэтым браць удзел. Я яму сказаў: “Саша, я табе гарантую, што ніколі гэтага не будзе!” Я выканаў сваё абяцанне. Працягваю: ніколі з тэрыторыі Беларусі ніхто не будзе атакаваць Украіну, калі толькі Украіна сама не нападзе на Беларусь. Я не думаю, што такое некалі будзе, але калі толькі, то мы будзем абараняцца. Парушэнняў на мяжы безліч, і таму мы ўзмацняем мяжу — я гэтага не хаваю. Парушэнні ад кантрабанды да пранікнення сюды людзей са зброяй. Мяне гэта хвалюе, таму я закрываю мяжу. Я памежнік былы!

Трэцяе, на нашай тэрыторыі дзве абсалютна мірныя базы Расійскай Федэрацыі. Адна — ў Вілейцы, што забяспечвае сувязь з флотам РФ у Атлантыцы. Я двойчы наведваў гэтую базу, там служаць нашы людзі, там толькі некалькі расійскіх афіцэраў. Другая база — у Ганцавічах, яна інжынерная, цяжкага ўзбраення там няма, і там таксама вельмі шмат беларусаў служыць. Яшчэ ёсць невялікая група расейскіх мытнікаў і некалькі чалавек памежнікаў. Яны знаходзяцца ў Брэсце, бо мяжы паміж Расеяй і Беларуссю няма.

Еўрарадыё: А самалёты?

Аляксандр Лукашэнка: Якія самалёты? Я ў іх спытаў: "Дайце ці прадайце па дзяшоўцы мне дзесятак самалётаў. Чэмпіянат свету — мне трэба ў плане бяспекі". — "Мы вам можам даць тры самалёты". Тры ці чатыры, я не памятаю, колькі. Я гавару: "Добра, дзякуй. Адзін ваш лётчык, адзін мой". Яны пасадзілі мне ў Баранавічах па маёй просьбе тры ці чатыры самалёты. Вось я дакладна не ведаю, яны цяпер нясуць у нас дзяжурства, ці не. Па-мойму, яны ўбылі адсюль. Самалётаў у нас расійскіх тут няма. Каб яны неслі службу на нашай тэрыторыі нават у складзе сумеснай беларуска-расійскай групіроўкі. У нас дастаткова сваіх самалётаў.

Увогуле, калі казаць пра магчымасць нападзення на Украіну, то беларуская дапамога Расіі тут не патрэбная. Яны, калі захочуць, самі гэта зробяць. Канфліктам ва Украіне ўжо расійскае кіраўніцтва наелася. Ідзе пошук, як выйсці з гэтай сітуацыі. Але я не веру, што ўкраінскае кіраўніцтва хоча, каб заўтра там быў мір. Трэба быць разумней і хітрэй, каб памежнікі ўкраінскія зачынілі мяжу. Ніхто не забудзе гэтага канфлікту, але з часам усё супакоіцца. 30 мільёнаў загінула ў Другой сусветнай вайне — у абдымках з немцамі ходзім. Вядома, трэба шмат часу, але трэба рабіць гэтыя крокі. Пройдзе час, і нават Данбас будзе ўкраінскім, такім нават, як хочуць нацыянальна арыентаваныя ўлады Украіны.

Еўрарадыё: А Крым?

Аляксандр Лукашэнка: З Крымам складаней, амаль немагчыма.

Мы далі сабе клятву, што за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў

"Ва Уфе мы далі сабе клятву, што за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў. Мы будзем праводзіць мадэрнізацыю больш спакойна і не пазычаць такія вялікія грошы. У гэтых даўгах шмат сродкаў, якія пайшлі толькі пад мадэрнізацыю. Гэтыя грошы не праядаюцца, мы іх выдаткавалі на мадэрнізацыю прадпрыемстваў", адзначыў Лукашэнка, адказваючы на пытанне пра знешнія крэдыты.

Пра зборы ў дзіцячых садках і школах: Нельга гэтага патрабаваць ад тых, хто не можа

"Я ведаю гэтую праблему. Мы ж пакрываем выдаткі дзіцячага садка адсоткаў на 30. Астатняе — гэта ж бюджэт. Калі нехта можа, то гэта нядорага абыдзецца, калі ён зарабляе шмат. Але агулам нельга гэтага рабіць. А справа не ў тым, што там чагосьці не хапае, каб пафарбаваць школу. У нас няма старых школ. Дзяржава ж не сыходзіць ад гэтага. Мы вылучаем сродкі, але гэтага, вядома, не хапае. Таму ёсць людзі, якія могуць падставіць плячо. І яны гатовыя. Але нельга гэтага патрабаваць ад тых, хто не можа, таму што ў іх грошай няма".

Ікру і селядзец не есць прынцыпова. І я таксама

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з журналістамі Еўрарадыё, Радыё Свабода і партала TUT.BY распавёў пра гастранамічныя ўпадабанні свайго сына Мікалая.

“Ён будзе бегаць, скакаць, займацца спортам і гэтак далей. І ён будзе есці бульбу, дранікі і гэтак далей, а не піцы-шміцы і нешта такое… Я, праўда, ні разу… ну, можа, адзін раз каштаваў гэтую піцу ці гэтую сырую рыбу японскую — як яе? Сушы. Жах! Пакаштаваў аднойчы… Ну, у нас сабакі на вёсцы елі гэта. А ў нас кажуць, што гэта ўжо добра. Я яго (Мікалая, — Еўрарадыё) да гэтага не прывучаю — ікру не есць катэгарычна і селядзец. Не любіць, не есць і нават не падыходзіць да яе. І я таксама стаўлюся да яе абсалютна абыякава. Бо я не прывык да гэтага ў дзяцінстве. У мяне склаўся пэўны комплекс ад харчавання, вопраткі да паводзінаў, я, лічы, — нармальны, і я хачу, каб мае дзеці былі такімі. Я выхоўваю сваіх дзяцей на сваім прыкладзе”.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, яму неаднаразова прапаноўвалі накіраваць Мікалая вучыцца за мяжу, але ён катэгарычна супраць гэтага. Кажа, ён выхоўвае сына сам і зробіць усё, каб той, як і бацька, умеў “і касіць, і цвік забіць”.

Размова на відэа пра Міколу Статкевіча на адзнацы -- 1 гадзіна 07 хвілін, пра канфлікт ва Украіне -- 1 гадзіна 10 хвілін

Фота: БелТА