Лукашэнка ў Ташкенце ўсклаў кветкі да помніка першаму прэзідэнту Узбекістана

Лукашэнка ў Ташкенце ўсклаў кветкі да помніка першаму прэзідэнту Узбекістана

Кіраўнік Беларусі, як паведамляе яго прэс-служба, прыбыў з афіцыйным візітам ва Узбекістан. У міжнародным аэрапорце імя Іслама Карымава Аляксандра Лукашэнкі сустракалі прэм'ер-міністр Узбекістана Абдула Арыпаў і міністр замежных спраў Абдулазіз Камілаў.

Пасля прылёту Лукашэнка ўсклаў кветкі да Манумента Незалежнасці і гуманізму, а таксама да помніка першаму прэзідэнту Узбекістана Ісламу Карымаву. Нагадаем, што Карымаў кіраваў Узбекістанам з 1989 года (яшчэ як першы сакратар ЦК кампартыі) да сваёй смерці ў 2016 годзе. 

13 верасня беларускі кіраўнік правядзе перамовы з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым — у вузкім і пашыраным фармаце з удзелам чальцоў дэлегацый. Асноўная ўвага на перамовах будзе надавацца гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву, развіццю вытворчай кааперацыі і арганізацыі зборачных прадпрыемстваў па выпуску тэхнікі для Узбекістана.

Плануецца таксама абмеркаваць шэраг напрамкаў узаемадзеяння — ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да гуманітарнай сферы і турызму. Па выніках перамоў кіраўнікі Беларусі і Узбекістана падпішуць пакет двухбаковых дакументаў аб пашырэнні супрацоўніцтва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі