Лукашэнка: У дзяржапараце не павінна быць і намёку на карупцыйныя праявы

Лукашэнка: У дзяржапараце не павінна быць і намёку на карупцыйныя праявы

У дзяржаўным апараце не павінна быць і намёку на карупцыйныя праявы. З такой заявай у чацвер выступіў Аляксандр Лукашэнка. Ён правёў нараду, прысвечаную пытанням сацыяльна-прававых гарантый дзяржаўным служачым і павышэння прэстыжу дзяржслужбы. Як вядома, сёлета за хабар затрымалі памочніка прэзідэнта Сяргея Раўнейку, дзясяткі чалавек праходзяць па гучнай "справе медыкаў", а былі ж і менш гучныя затрыманні чыноўнікаў.

Лукашэнка мяркуе, што ўвесь беларускі народ бачыць яго "палітыку ў гэтым плане". Ён неаднаразова папярэджваў чыноўнікаў, што за карупцыю нікога не пашкадуюць. На сённяшняй нарадзе ў гэтым кантэксце кіраўнік дзяржавы згадаў прэзідэнцкую кампанію — падчас кожнай з іх ён жорстка выказваецца ў дачыненні карупцыянераў.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу прыцягваць на дзяржаўную службу толькі найлепшых і вопытных кіраўнікоў. Ён падкрэсліў, што ад прафесіяналізму гэтых людзей залежыць рэалізацыя маштабных праектаў.

"Гэта павінны быць спецыялісты, якія валодаюць шырокім кругаглядам, здольныя вызначаць стратэгічныя задачы і правільна ацэньваць наступствы прыманых рашэнняў, —— казаў Аляксандр Лукашэнка. — Але перш за ўсё дзяржслужачы — чалавек з высокімі маральнымі якасцямі".

На нарадзе кіраўнік дзяржавы нагадаў, што за апошнія гады колькасць дзяржслужачых у Беларусі скарацілі на чвэрць (на больш чым 30 тысяч чалавек). Ён незадаволены тым, што падбор кандыдатаў на вакантныя пасады зацягваецца — на месяцы і нават на гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі