Вы тут

Лукашэнка: супраць нас разгарнулі тэрарыстычную вайну

Выяўлены дрот на чыгунцы / sb.by

Аляксандр Лукашэнка заявіў пра "тэрарыстычныя пагрозы". У аўторак ён праводзіць нараду, прысвечаную падрыхтоўцы чарговага Усебеларускага народнага сходу і выказаўся наконт сітуацыі ў нашай краіне. Напярэдадні пра тэрарыстычныя пагрозы з боку пратэстоўцаў выказваўся прадстаўнік КДБ.

Сённяшняя нарада пачалася са спазненнем з-за нейкіх "вельмі важных пытанняў", якія вырашаў Лукашэнка і з-за якіх быў "паламаны рабочы графік". У сваім выступе ён зноў заявіў, што "асноўная маса" пратэстоўцаў у Беларусі "радыкалізавалася". "Апошнія некалькі дзён сведчаць аб тым, што па многіх напрамках яны... чырвоную рысу перайшлі",цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА.

Ён прывёў прыклады. Напрыклад, блакіроўка аўтаматыкі на чыгунцы з дапамогай дроту, чым займаюцца невядомыя на Міншчыне. Па словах Лукашэнкі, такія дзеянні могуць прывесці да катастрофаў і гібелі людзей.

"Гэта дзеянні арганізаваных злачынных груп з прыкметамі тэрарызму, — заявіў Лукашэнка. — Мы пачынаем сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі". І ўлада павінна на гэта рэагаваць, падкрэсліў ён.

"Супраць нас разгарнулі ўжо не інфармацыйную, а тэрарыстычную вайну па асобных кірунках, — працягвае Аляксандр Лукашэнка. — Мы павінны спыніць гэта".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.