Лукашэнка сказаў "не ламаць" Канстытуцыю. Канстытуцыйная рэформа — усё?

Аляксандр Лукашэнка / REUTERS
Аляксандр Лукашэнка / REUTERS

16 лістапада на нарадзе па дарожным зборы Аляксандр Лукашэнка нечакана пачаў абмяркоўваць перамены ў грамадстве. "Для таго, каб працэнтаў, напэўна, на 70-80 перадаць паўнамоцтвы прэзідэнта парламенту, ураду, іншым структурам, Канстытуцыю ламаць не трэба", — сказаў ён.

Так што, прапановы па зменах у Канстытуцыю больш збіраць не трэба? Канстытуцыйная рэформа адмяняецца і прэзідэнцкая ўлада будзе аслаблена ў Беларусі без рэферэндуму? Многія зразумелі словы Лукашэнкі менавіта так. 

Але дэпутат Алег Гайдукевіч распавёў Еўрарадыё, што, паводле яго інфармацыі, у Адміністрацыі прэзідэнта не адмаўляюцца ад канстытуцыйнай рэформы. "У мяне інсайд такі, што будуць змены ў Канстытуцыю, — запэўнівае ён. — Гэтая праца не спынілася і не спыніцца".

Пра што тады казаў Лукашэнка? Гайдукевіч лічыць, што пра тое, што частку паўнамоцтваў ужо цяпер можна перадаць парламенту і Саўміну. Без змены Асноўнага закона.

"У нечым ён мае рацыю! У нас заўсёды чыноўнікі чакаюць, нават маючы паўнамоцтвы. Чакаюць, калі ім каманду дадуць. А працаваць трэба, не чакаючы каманды. І частка абавязкаў, якія ўжо можна размеркаваць. Але гэта не змяняе тую працу, якую, я як дэпутат бачу, будзе весціся па змене Канстытуцыі і іншых палітычных зменах, пра якія я, напрыклад, кажу, не менш за дзесяць гадоў", — заключае Гайдукевіч.

Упершыню ідэю змяніць Канстытуцыю Лукашэнка агучыў некалькі гадоў таму. Але праца ў гэтым кірунку не вялася, і ініцыятыва знікла з публічнага поля. Улады актывізавалі абмеркаванне гэтай тэмы пасля выбараў і старту масавых пратэстаў, якія не спыняюцца ўжо 100 дзён

Тэрміны магчымага ўнясення змен у Канстытуцыю пакуль не зразумелыя. Адны кажуць пра тое, што яны будуць падрыхтаваныя да канца года, іншы — што вясной.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі