Лукашэнка расказаў, што яго бянтэжыць у новай Канстытуцыі

Рэферэндум па Канстытуцыі павінен адбыцца не пазней за люты 2022 года / БЕЛТА​
Рэферэндум па Канстытуцыі павінен адбыцца не пазней за люты 2022 года / БЕЛТА​

Праект новай Канстытуцыі Беларусі падрыхтаваны, заявіў у аўторак Аляксандр Лукашэнка на пашыраным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі. Гэты орган займаўся распрацоўкай дакумента. Але гэты праект, мяркуючы па ўсім, яшчэ будуць дапрацоўваць — у Лукашэнкі засталіся пытанні.

"Я не знайшоў пераходных палажэнняў, якія даюць адказы на пытанні, як будуць дзейнічаць органы ўлады пасля прыняцця Канстытуцыі, як будзе фармавацца Усебеларускі народны сход, як будзе працаваць Упаўнаважаны па правах чалавека", — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

Няясны і лёс яго дэкрэтаў. У новай Канстытуцыі адсутнічае такое паняцце.

"У такім выпадку што будзе з ужо выдадзенымі?" — звярнуўся Лукашэнка з пытаннем да распрацоўшчыкаў дакумента. І гэта толькі частка пытанняў.

Пры гэтым у Лукашэнкі некалькі разоў прагучала, што пытанне адмовы ад канстытуцыйнай рэформы не абмяркоўваецца. "Канстытуцыю мы павінны ўдасканаліць, якой бы добрай яна ні была. Таму што працэсу ўдасканалення няма мяжы", — сказаў ён. Падчас працы над Канстытуцыяй ён настойліва рэкамендаваў распрацоўнікам думаць перш за ўсё "пра сваіх дзяцей. Таму што ім жыць. Ну і мы яшчэ паміраць не збіраемся. Таму думайце аб сваіх дзецях", паўтарыў Лукашэнка.

Канстытуцыйная камісія, якая займалася распрацоўкай праекта, прапануе змяніць 53 артыкулы Асноўнага закона і дадаць 14 новых. Захоўваецца прэзідэнцкая форма кіравання, але мяняюцца функцыі і паўнамоцтвы прэзідэнта, парламента і ўрада. Усебеларускі народны сход атрымлівае статус найвышэйшага прадстаўнічага органа нарадаўладдзя.

На пасяджэнні таксама было агучана, што ў новай Канстытуцыі прапануецца замацаваць прынцыпы суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. Рэферэндум, па словах Лукашэнкі, павінен адбыцца не пазней за люты 2022 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі