Вы тут

Лукашэнка: Расія разбярэцца з Бабічам сама

Аляксандр Лукашенка / Reuters

Аляксандр Лукашэнка зноў прадэманстраваў непрыязнасць да расійскага пасла Міхаіла Бабіча. Размаўляючы з журналістамі пасля суботніка, кіраўнік Беларусі ўспомніў учарашнюю рэакцыю "асобных расійскіх палітыкаў" на сваю фразу з паслання народу пра наймагутны адпор таму, хто паспрабуе сілай знішчыць Беларусь.

"Дарма пакутуюць некаторыя палітыкі, асабліва ў Расіі. Я атрымаў усю гэтую інфармацыю: ах, гэта супраць Расіі. Фразы гэтыя былі накіраваны супраць тых, хто паспрабуе гэта зрабіць", — растлумачыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, менавіта Расія шмат у чым гарантуе суверэнітэт Беларусі і ў выпадку чаго будзе сядзець у акопах разам з Беларуссю. "Таму не трэба браць на сябе вось гэтыя фразы, як быццам яны адрасаваныя Расіі", — сказаў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка намякнуў на імперскія замашкі Бабіча і адзначыў, што няма ні адной карты свету, дзе б мяжа Расійскай Федэрацыі праходзіла пад Мінскам ці далей. "Іншыя карты ёсць. Таму тым трэба думаць і на свой адрас ўспрымаць сказанае", — сказаў кіраўнік Беларусі.

Што ж тычыцца нервовай рэакцыі расійскага пасла на выказванне ў пасланні пра БелАЭС, то Лукашэнка заявіў, што не будзе гэта каментаваць, хоць і мае сваё меркаванне. "Пасол Расіі — гэта прадстаўнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. І гэта прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расіі ... Гэта старажытная, з добрымі традыцыямі краіна, якая выдатна разумее, як павінен сябе паводзіць той ці іншы амбасадар як у Расіі, так і за яе межамі. .. Гэта расейскі амбасадар, і Расія з ім разбярэцца сама ", — сказаў Лукашэнка.