Вы тут

Лукашэнка: Пуцін патэлефанаваў і зрабіў нечаканую прапанову на $300 млн

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка / ТАСС

21 лютага адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, паведамляе тэлеграм-канал "Пул Першага". Галоўнай тэмай сталі пастаўкі расійскай нафты ў нашу краіну. Напярэдадні ўвечары расійскі прэзідэнт меў сустрэчу з кіраўніком "Раснафты" Ігарам Сечынам. Апошні распавёў пра сваю паездку ў Мінск і вынікі перамоў з Лукашэнкам (а яны, як вядома, не агучваліся).  

З 1 студзеня пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь істотна скараціліся — замест 2 мільёнаў тон было пастаўлена толькі 500 тысяч тон. Лукашэнка папярэдзіў, што пры паўтарэнні такой сітуацыі ў лютым 2020-га наша краіна пачне браць нафту з транзітнай трубы.

Пра тэлефонную размову з прэзідэнтам Расіі Аляксандр Лукашэнка распавёў падчас сустрэчы ў Мінску з губернатарам Архангельскай вобласці Ігарам Арловым, дадае БЕЛТА.

"Прэзідэнт Расіі патэлефанаваў (вы ведаеце, што ў нас часам узнікаюць спрэчкі па асобных пытаннях), — гаварыў Лукашэнка. — Ён унёс прапанову, каб мы над ёй падумалі, у тым ліку і па пастаўках нафты ў Беларусь".

Па словах беларускага кіраўніка, прапанова была "нечаканая". Пуцін прапанаваў "формулу палічыць, колькі мы ад змяншэння мытнай пошліны ў 2020 годзе страцім да ўзроўню мінулага года".

Прэзідэнт Расіі паабяцаў 300 мільёнаў долараў кампенсацыі. "У тым ліку за кошт прэмій кампаніям", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік лічыць, што такая прапанова расійскага прэзідэнта "хоць нейкі шлях да развязкі тых спрэчак". Паводле яго слоў, Расія гатовая захаваць Беларусі "фінансавы ўзровень па нафце мінулага года".

"Ну хоць нейкі рух наперад, — кажа Лукашэнка. — Мы цяпер палічым гэта ўсё... Ён патэлефанаваў і хоць нейкія прапановы ўнёс, каб мы маглі спакойна працаваць і не дзёргаліся ў розныя бакі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.