Лукашэнка прапанаваў стрымліваць цэны "па ўсіх напрамках і параметрах"

Нарада па працы эканомікі / БЕЛТА
Нарада па працы эканомікі / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў не абмяжоўвацца рэгуляваннем цэн на сацыяльна значныя тавары, а дзейнічаць "па ўсіх напрамках і параметрах". Пра гэта ён казаў на нарадзе па эканоміцы, якая праходзіць у панядзелак у Палацы Незалежнасці. На сустрэчы абмяркоўваюць вынікі года і планы на 2021-ы.

"А хто сказаў, што лядоўня і пральная машына не з'яўляюцца значнымі для насельніцтва таварамі? Яны таксама значныя. Таму трэба раз і назаўсёды выпрацаваць механізм стрымлівання цэн па ўсіх напрамках і параметрах",цытуе Лукашэнку тэлеграм-канал БЕЛТА.

У пераліку сацыяльна значных тавараў на дадзены момант 18 пазіцый. Гэта прадукты харчавання: рыба, мяса, алей, макароны, соль і гэтак далей. Цэны на гэтыя прадукты рэгулююцца пастановай Саўміна. У кастрычніку ўрад чарговы раз падоўжыў рэжым дзяржрэгулявання цэн на гэтыя тавары — да канца года.

На думку Лукашэнкі, несправядліва, што стрымліванне цэн тычыцца толькі прадуктаў харчавання.

"А то атрымліваецца, што сялян мы стрымліваем (у асноўным жа гэта пытанне харчавання і адзення), а ўсім астатнім — вольніца. Але гэта ўсё роўна так ці інакш уплывае на цэнаўтварэнне ў той жа сельскай гаспадарцы, на прадукты харчавання", — сказаў ён і нагадаў, што ў Беларусі ўжо выпрацаваная свая практыка кантролю за цэнаўтварэннем і стрымліваннем інфляцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі