Вы тут

Лукашэнка пра Бабарыку: ён палез, бо зразумеў, што прыйдуць і начэпяць кайданкі

Віктар Бабарыка / Reuters

Падчас паездкі ў Полацк Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю з Белгазпрамбанкам.

Як паведамлялася раней, 11 чэрвеня ў Белгазпрамбанку і блізкіх да яго кампаніях "ПрыватЛізінг", "Кентаўр", "Кампары" прайшлі ператрусы. Пачатая крымінальная справа за нявыплату падаткаў. Аператыўнымі дзеяннямі займаецца Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. 

Гэтыя дзеянні звязваюць з асобай Віктара Бабарыкі — былога кіраўніка банка, які цяпер прэтэндуе на прэзідэнцкую пасаду. Бабарыка падкрэсліў, што яго выбарчая кампанія не мае дачынення да гэтай крымінальнай справы. У ДФР журналістам паведамілі, што экс-банкір не мае ніякага статусу ў гэтай справе. Крымінальную справу сам Бабарыка назваў спробай палітычнага ўціску.

"Нават вы як журналіст, напэўна, бачылі гэтыя неправамерныя дзеянні замежнага банка ў Беларусі. Мы гэта таксама бачылі. Натуральна, вы ведаеце наш парадак: ніхто нікому не даў права займацца няправеднымі справамі, у тым ліку гэтаму банку", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі ў адказ на пытанне журналіста тэлерадыёкампаніі "Мір".

Кіраўнік Беларусі заявіў, што асноўныя матэрыялы па "справе Белгазпрамбанку" прачытаў у верталёце па дарозе ў Полацк. Ён абурыўся словамі Бабарыкі: "Што мяне ўразіла: гэты нягоднік, інакш не назаву: я, маўляў, ні пры чым, да мяне прэтэнзій ніхто не мае, гэта яны там..."

Ён заявіў, што па справе праходзяць былыя намеснікі Бабарыкі. Па яго словах, экс-кіраўнік банка цяпер усё валіць на сваіх былых падначаленых. "І ўсё, што там рабілася, магло без кіраўніка адбывацца? Не", — упэўнены Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што "структурныя пракладкі кшталту "ПрыватЛізінгу" былі ўтвораныя з ініцыятывы Бабарыкі.

Распрацоўкай гэтай справы, паводле Лукашэнкі, беларускія сілавікі займаліся з 2016 года. "Выявілі вывад грошай, замежныя рахункі, замежную ўласнасць іх. На Кіпры. У Латвіі рахункі, Лондане", — пералічыў ён. Але замежнікі далі ў Беларусь запатрабаваную інфармацыю толькі ў снежні 2019 года. Маўляў, з таго часу расследаванне аднавілася. 

На думку беларускага кіраўніка, Бабарыка надумаў скласці яму канкурэнцыю на выбарах, бо мае смятанку на вусах. "Чаго палез — бо зразумеў, што да яго прыйдуць і надзенуць кайданкі. А ў нас жа цяпер выгадна займацца палітыкай, каб стаць вязнем сумлення", — мяркуе ён.

Лукашэнка заявіў, быццам яму было нявыгадна раскручваць крымінальную справу супраць канкурэнта: "І мне гэтая сітуацыя нявыгадная, але нягоднікаў трэба было спыняць, таму што пачалі хаваць канцы ў ваду. Не атрымалася".

Ён заявіў, што па гэтай справе затрыманыя 15 чалавек. І, маўляў, ужо даюць паказанні на Бабарыку. "Калі яго саўдзельнікаў адправілі на нары, яны ўжо ўчора ўвечары ўсё распавялі. За дзве гадзіны прынеслі $14 тысяч, потым яшчэ $600 тысяч ці $800 тысяч. Там зліткі золата, карціны, усё прынеслі адразу, толькі не чапайце. З імі акуратна абышліся. Яны ўсё распавядаюць. Таму яму прыйдзецца гэта ўсё распавесці", — заявіў Лукашэнка.

Ён паведаміў, што хоча, каб экс-банкір стаў кандыдатам на выбарах і расказаў пра сваю ўласнасць на Кіпры і каму ён даваў хабар. "Гэта ўсё трэба распавесці беларусам. І яны няхай потым вызначацца. Але вязнем сумлення мы яго не зробім", — паабяцаў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік паабяцаў, што прааналізаваць вынікі расследавання запросяць Інтэрпол і замежных спецыялістаў. "Расіян, амерыканцаў, еўрапейцаў, і аддам ім дакументы. І няхай яны зробяць высновы на адпаведнасць дзеянняў праваахоўных органаў нашым законам. І будуць адказваць паводле закона. Трэба — сядуць", — прыгразіў ён. 

Праўда, адразу пасля гэтага беларускі кіраўнік стаў апраўдвацца: "Вы не думайце, што там з боку Лукашэнкі нейкі накат. Ніякага накату няма. Мне гэта зараз і не трэба было".

Ён заявіў, быццам праз аднаго з чальцоў урада прасіў перадаць экс-банкіру, каб той сказаў толькі праўду і вярнуў усё скрадзенае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.