Лукашэнка: Плоскаступнёвасць — надуманая прычына, каб не служыць у войску

Лукашэнка: Плоскаступнёвасць — надуманая прычына, каб не служыць у войску

26 лютага ў Аляксандра Лукашэнкі праходзіць нарада з пастаяннымі чальцамі Савета бяспекі па магчымых зменах у прызыве ў войска.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што згодна з Канстытуцыяй абарона краіны — гэта абавязак і свяшчэнны абавязак грамадзяніна. Але цяпер у нашай краіне існуе шмат прычынаў для адтэрміноўкі ад войска. "Сёння ў нас іх больш, чым у любой іншай дзяржаве, асабліва ў суседніх", — абурыўся Лукашэнка.

За апошнія 10 гадоў колькасць прызыўнікоў, якія знаходзяцца на ўліку, скарацілася амаль удвая, адзначае прэс-служба беларускага кіраўніка. У мінулым годзе не былі выкананыя паказчыкі камплектавання войскаў маладым папаўненнем. Прычым 80% прызыўнікоў вызваляецца ад службы ў войску для працягу адукацыі ў ВНУ.

Па словах кіраўніка дзяржавы, урад падрыхтаваў праект дакумента. У ім плануецца ўзмацніць адказнасць за ўхіленне ад службы, а таксама павысіць зацікаўленасць грамадзян у выкананні воінскага абавязку.

Лукашэнка заклікаў падумаць над абмежаваннямі па стане здароўя: "Калі чалавек не можа выконваць свой вайсковы абавязак, ні ў якім разе яго не трэба прызываць у войска". Разам з тым беларускі кіраўнік заявіў, што ёсць надуманыя паказанні, па якіх не бяруць у войска: "Але ёсць сітуацыя, і пра гэта шмат хто кажа, што па нейкіх надуманых медыцынскіх прычынах, кшталту плоскаступнёвасці, мы не прызываем у войска вайскоўцаў. Ёсць і шмат іншых выдуманых паказанняў, па якіх мужык не павінен служыць у войску. Трэба разабрацца".

Лукашэнка рашуча выступіў супраць таго, каб у Беларусі было толькі кантрактнае войска. Па яго словах, там. дзе трэба, вайскоўцаў тэрміновай службы ўжо замянілі на кантрактнікаў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі