Лукашэнка патрабуе, каб Нацбанк больш працаваў на эканоміку краіны

Лукашэнка патрабуе, каб Нацбанк больш працаваў на эканоміку краіны

Пяць гадзін працягвалася ў Аляксандра Лукашэнкі нарада з Саветам міністраў па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за 2019 год і ацэнцы вынікаў пяцігодкі. У ёй удзельнічалі амаль 50 чалавек — практычна ўвесь урад, кіраўніцтва парламента і Адміністрацыі прэзідэнта, кіраўнікі абласцей. 

Лукашэнка назваў дзейнасць урада і Нацбанка нездавальняючай. Пра гэта ў каментары БЕЛТА распавёў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Бельскі. "Я б сказаў, што размова была жорсткай, бо не ўсе намечаныя параметры росту эканомікі былі выкананыя", — дадаў ён. Па словах Бельскага, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб Нацбанк больш працаваў у цэлым на эканоміку краіны.

Сярод іншага абмяркоўвалася і нестабільная сітуацыя на нафтавым рынку. "Мы сутыкнуліся з некаторым ціскам на такім важным для нас рынку, як энерганосьбіты, на рынку нафтапрадуктаў. Не ўсе праблемы на сёння ўрэгуляваны. Але прымаюцца меры, яны даюць свой эфект", — заявіў Бельскі. 

Ён дадаў, што на беларускую эканоміку паўплывае зніжэнне сусветных коштаў на нафту. Як вядома, цяпер 1 барэль нафты каштуе на сусветным рынку менш за 30 долараў. Гэта паўплывае на эканамічную стабільнасць Расіі, якая з'яўляецца ключавым рынкам для Беларусі. "Пакупніцкая здольнасць спажыўцоў нашай прадукцыі на традыцыйным рынку будзе, відавочна, змяняцца і, вядома, не расці", — прызнаў чыноўнік.

Па яго словах, Лукашэнка паставіў задачу не дапусціць на гэтым фоне пагаршэння сітуацыі ў прамысловасці, падзення аб'ёмаў вытворчасці і росту складскіх запасаў.

Прагнозы на будучую пяцігодку кіраўніцтва краіны абмяркуе на спецыяльнай нарадзе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі