Лукашэнка падзякаваў Рахмону за прывезены дождж
У Палацы Незалежнасці ў Мінску праходзіць сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Таджыкістана Аляксандра Лукашэнкі і Эмамалі Рахмона.
Падчас перамоваў беларускі кіраўнік падкрэсліў, што візіт Рахмона супаў з II Еўрапейскімі гульнямі ў Мінску. Кіраўнік Таджыкістана будзе прысутнічаць на цырымоніі іх закрыцця. Але галоўнае, па словах Лукашэнкі, — перамовы па супрацы Беларусі, Таджыкістана і трэціх краін, у першую чаргу Афганістана.
Таксама беларускі кіраўнік прапанаваў падключыць да гэтых перамоваў Уладзіміра Пуціна, які таксама прыляціць на закрыццё Еўрапейскіх гульняў. "Мы зможам пагаварыць утрох. Думаю, вы не будзеце супраць, у нас таксама ёсць пытанні ў рамках СНД і АДКБ, нашага абароннага саюза. Словам, сумаваць мы вам не дамо", — абнадзеіў Лукашэнка.
Кіраўнік Беларусі знайшоў, за што пахваліць высокага госця — за надвор'е. "Дзякуй вам: вы ўчора прывезлі да нас добрае надвор'е, прайшлі дажджы, асабліва ў цэнтры Беларусі. Словам, няпросты год, але, думаю, ён будзе лепш, чым мінулы, у сельскай гаспадарцы, і натуральна, па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, прадуктаў харчавання", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.
У адказ Рахмон падзякаваў кіраўніку Беларусі за запрашэнне, сардэчны прыём і гасціннасць. "Я прыляцеў да свайго брата. Нашыя народы гістарычна вельмі добра адгукаюцца адзін пра аднаго, паважаюць, любяць. Мы сталі за гэтыя гады не толькі сябрамі, але як родныя браты. Пакуль будзем жыць, будзем працаваць дзеля росквіту сваіх дзяржаў, паляпшэння жыцця сваіх народаў", — дадаў ён.