Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі

Аляксандр Лукашэнка / tengrinews.kz

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі, паведамляе БЕЛТА. У законе прапісаныя катэгорыі асоб, якія могуць альбо ўжо выйсці на волю, альбо ім скароцяць тэрмін пакарання. Амністыя ў першую чаргу закране непаўналетніх; цяжарных жанчын; жанчын і адзінокіх мужчын, якія выхоўваюць дзяцей да 18 гадоў (але тых, хто здзейсніў злачынства супраць непаўналетніх, не выпусцяць); пенсіянераў і інвалідаў I і II груп; грамадзян, якія маюць пэўныя захворванні; ветэранаў баявых дзеянняў і пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС; а таксама тых, хто атрымаў раненні або захворванні на службе.

Большасці палітвязняў амністыя не закране. Раней улады ўжо папярэджвалі, што "дзеянне закона аб амністыі не будзе распаўсюджвацца на асоб, якія ўчынілі злачынствы тэрарыстычнай або экстрэмісцкай накіраванасці".

Праўладныя Telegram-каналы пішуць, што вызваліць ад крымінальнага пакарання плануецца, паводле папярэдніх падлікаў, каля 4,5 тысяч чалавек, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі 1,6 тысяч. Яшчэ блізу 4 тысячам асуджаных скароцяць тэрмін пакарання на год.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.