Лукашэнка: пачняце лямантаваць — маскі закончацца ці падаражэюць у 100 разоў

Лукашэнка: пачняце лямантаваць — маскі закончацца ці падаражэюць у 100 разоў

28 лютага падчас выступу на з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт каранавіруса. У нашай краіне зафіксаваны першы выпадак захворвання. Яго знайшлі ў аднаго з іранскіх студэнтаў. Замежніка і людзей, якія з ім кантактавалі, ізалявалі. У БНТУ, дзе вучыўся іранец, да 15 сакавіка спынены аўдыторныя заняткі.

"Нашым лекарам трэба дзякуй сказаць: ні межы не закрываюць, ні "гвалтам" не крычаць, ні шуму, ні пылу, — гаварыў Лукашэнка. — Хаця робім усё тое, што робяць нават у Кітаі. У нас ёсць месцы, дзе мы можам назіраць людзей, калі яны прыбылі [з-за мяжы]... Нармальна да гэтага людзі [у Беларусі] адносяцца: ціха, спакойна, без "гвалту", без шуму. Робім тое, што робяць усе".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сёння не варта закрываць межы Беларусі.

"Ну закрыйце межы. І што? — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Межы былі закрыты і сёння ўвесь свет захварэў каранавірусам. Пры такіх глабальных стасунках гэта пустое. Таму трэба на месцы спакойна працаваць па ўсіх накірунках...".

У сваім выступе Лукашэнка неаднаразова заклікаў беларусаў не панікаваць з-за "няшчаснага каранавіруса", а "ціха і спакойна" працаваць.

"Пачняце лямантаваць, шумець — як мінімум, маскі ў аптэках закончацца ці падаражэюць у 100 разоў, — папярэдзіў Лукашэнка. —  Ну мы, канешне, гэтага не дапусцім. Не пытанне. Але гэта ж усё пустое. Людзі пойдуць, гэтыя лекі парасхопліваюць. Хтосьці ад гэтых лекаў атруціцца хутчэй, чым ад гэтага віруса. Таму трэба працаваць спакойна, на апярэджанне працаваць. Але працаваць акуратна, тлумачыць людзям".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі