Лукашэнка: не трэба вякаць, што беларусы — гіра на нагах Расіі

Лукашэнка: не трэба вякаць, што беларусы — гіра на нагах Расіі

У чацвер у Аляксандра Лукашэнкі абмеркавалі сітуацыю на беларуска-расійскай мяжы і ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі ў памежных пытаннях. Кіраўніка дзяржавы інфармавалі дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась і старшыня Дзяржпамежкамітэта Анатоль Лапо. Галоўнай тэмай былі праблемныя пытанні, якія трэба вырашыць з расійскім бокам. Гэта і праблемы з замежнікамі, якіх на мяжы расіяне могуць не прапусціць з Беларусі і нават прапанаваць ехаць праз Латвію ці Украіну. І праверкі расійскімі сілавікамі аўтамабіляў, якія на мяжы з той жа Польшчай ужо праверылі беларусы. Сітуацыя абсурдная, лічыць беларускі кіраўнік.

Лукашэнка: "Нас пастаянна [расіяне] папракаюць: "Мы ледзь не ўтрымліваем Беларусь. Яна абрынецца, калі мы не будзем даваць ёй датацыі, утрымліваць". Кіраўнік дзяржавы заявіў, што беларусы не нахлебнікі. Ён прапанаваў палічыць, колькі Беларусі каштуе "абарона сумеснай мяжы". "Ад Балтыкі да Чорнага мора мы сёння працуем на Расійскую Федэрацыю, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта таксама грошай каштуе, і не толькі грошай".

Кіраўнік Беларусі згадаў пра перамовы па паглыбленні інтэграцыі, якія ідуць з Расіяй. І ён прапанаваў "пакласці на стол" расіянам падлікі: "...Старэйшыя браты-расіяне, вы паглядзіце, якія паслугі мы вам аказваем, і гэта нятанна!".

Лукашэнка нагадаў пра набытыя ў Расіі "за свае грошы" самалёты Су-30СМ. Ён здзіўляецца, чаму Масква не хоча дапамагчы Мінску, калі беларусы абараняюць "расійскі накірунак".

"Чаму не паставіць сучасную зброю? — эмацыйна гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ўмеем ёй карыстацца не горш, чым расіяне, але плацім за гэта вялізныя грошы". У такой сітуацыі беларускі кіраўнік заявіў, што "не трэба вякаць у сродках масавай інфармацыі і нават на дзяржаўным узроўні, што беларусы — гіра на нагах [Расіі]".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі