"Ліберал-Берыя", Качанава і адзін з сыноў. Дракахруст — пра магчымых пераемнікаў Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка, фота ілюстрацыйнае

Аляксандр Лукашэнка, фота ілюстрацыйнае / Euroradio

Аляксандру Лукашэнку амаль 72 — і ўсё часцей ўзнікае пытанне, хто мог бы стаць яго пераемнікам. Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст лічыць, што ў шорт-лісце шэсць чалавек — сярод іх толькі адзін з сыноў Лукашэнкі, а яшчэ двое сілавікоў.

Дракахруст разважае пра тое, якой магла б быць Беларусь, калі б ва ўладу прыйшла кожная з названых асоб. І тлумачыць, чаму ў Беларусь Віктара Лукашэнкі і Аляксандра Турчына было б, на яго думку, бяспечна вярнуцца.

 

Да Віктара ёсць пытанне: ці ўтрымае ён уладу?

— Першым у вашым спісе магчымых пераемнікаў вы называеце Віктара Лукашэнку. Чаму?

— [Старэйшы сын] Віктар — варыянт спадкаемцы. Але калі на Аляксандра Лукашэнку раптам упадзе цагліна, тады ў Віктара практычна няма шанцаў стаць прэзідэнтам. У яго наўпрост цяпер няма ні ўплыву, ні пасады. Але калі праз год, два ці тры Лукашэнка прывядзе Віктара ва ўладу, як гэта ў свой час зрабіў Гейдар Аліеў з Ільхамам [Аліевым], калі прызначыць зноў памочнікам ці віцэ-прэм’ерам, калі будзе яго весці і ў рэшце рэшт абвесціць апарату, што абірае сына пераемнікам, тады Віктар будзе мець вялікія шанцы на пасаду.

Думаю, на Лукашэнку моцны ўплыў аказаў казахстанскі досвед. Усе было разлічана, кіраваць быў пастаўлены надзейны чалавек — і чым усё скончылася? Верны [Касым-Жамарт Такаеў] аказаўся няверным: горад перайменаваў, усіх сваякоў разграміў, перасаджаў. І казахстанская схема дэманструе Лукашэнку, што не толькі яго бачанне Беларусі пры пераемніку можа не захавацца — у яго сваякоў могуць быць праблемы, што яшчэ горш.

Тое самае, дарэчы, адбываецца ва Узбекістане: Мірзіёеў граміць сваякоў Іслама Карымава. А Лукашэнка не хоча, каб людзей з яго сямейнага клану пры нейкім пераемніку “ікс” зрабілі падсуднымі. А варыянт Віктара як спадкаемцы гэта прадухіляе. Але да Віктара ёсць пытанне: ці ўтрымае ён уладу?

Пакуль Віктар жыве яго святлом і яго вагой. А потым? Калі крыніца ўплыву Віктара знікне, нейкія моцныя сілы могуць спытаць: тата ваш быў вялікім, а вы — хто? Можа здарыцца сітуацыя “цар ненастаяшчы”.

Схемы, якія спрацавалі ў Азербайджане, спрацавалі ў КНДР, могуць не спрацаваць у нас. Там схемы перадачы ўлады нашчадку ўпісаны ў культуру народа. Азія так уладкавана: сямейныя сувязі адыгрываюць велізарную ролю. А ў Беларусі? Не факт. Гэта можна паспрабаваць зрабіць, але ці атрымаецца — невядома.

У Лукашэнкі ёсць сіндром Гарбачова: ён быў маладым чалавекам, калі пабачыў, як каласальная ўлада сыпецца, як пясок скрозь пальцы. Фармальна ў Міхаіла Гарбачова было не менш паўнамоцтваў, чым у Сталіна, і дакладна не менш, чем у Брэжнева. Але не было хрыбта — і ўлады таксама не стала. І гэта нават не была сітуацыя, калі мільёны людзей выйшлі на плошчу ці калі іншаземная армія разбіла краіну — не. Проста ў выніку палітычных камбінацый і інтрыг высветлілася, што вы, Міхаіл Сяргеевіч, ніхто.

Калі Лукашэнка сустракаўся з палітвязнямі ў КДБ, ён сказаў: радуйцеся, што вы тут, бо калі б вы перамаглі, вас бы рускія з лайном з’елі. Вось як ён бачыць свет.

І гэта сугучна са словамі Сталіна. Хрушчоў пісаў, што незадоўга да смерці Сталін сваім ваўкам-палітбюрошнікам казаў так: вас імперыялісты перадушаць без мяне. Атрымліваецца, Лукашэнка амаль паўтарыў тое, што Сталін казаў сваім. Ён адчувае крохкасць таго, што збудаваў, і лічыць, што калі не трымаць гэта ўмелай рукой, усё рассыплецца.

— Калі Віктар занадта слабы, каб утрымаць уладу, каму яшчэ ён мог бы яе аддаць?

— Прэм’ер Аляксандр Турчын і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Крутой зараз займаюць самыя высокія пасады з рэальнымі апаратамі ўлады.

Гэта вельмі ўплывовыя людзі ў наменклатуры. Колькі год таму Лукашэнка абстрактна разважаў пра перадачу ўлады, і тады і Крутой, і Турчын стаялі побач. Ёсць свой пэўны апарат у Крутога — Адміністрацыі прэзідэнта шмат што падпарадкоўваецца ў рэгіёнах. Ёсць ён і ў Турчына — апарат урада. 

"Либерал-Берия", Кочанова и один из сыновей. Дракохруст — о возможных преемниках Лукашенко
Дзмітрый Крутой, Аляксандр Турчын, Аляксандр Лукашэнка і Наталля Качанава / BelTA

Я не скажу, што ён [былы польскі віцэ-прэм’ер] Лешэк Бальцэровіч, але і не заканапачаны камуніст. Акрамя ўсяго іншага, ён малады мужык, ён быў маладым чалавекам, калі накрыўся савок, то-бок у яго проста іншы жыццёвы вопыт, ён не савецкі чалавек. Як, у прынцыпе, і Віктар.

Але ўсе яны будуць у вельмі амбівалентным становішчы. Такога аўтарытэту і палітычнай моцы, як у Лукашэнкі, ні ў каго не будзе. Настолькі бясспрэчнымі лідарамі, як Аляксандр Лукашэнка, яны не будуць. І такой моцнай рукі ў іх не будзе. І менавіта таму ў іх можа быць спакуса ўжываць жорсткія метады, калі нешта пойдзе не так.

Калі людзі больш не будуць адчуваць на сабе ціску Лукашэнкі, пачнуцца страйкі, а ў новых кіраўнікоў будзе расці страх, што іх змятуць. Такія людзі могуць звярнуцца да рэпрэсій: не таму, што садысты, а таму, што адчуваюць — іначай не ўтрымаюць уладу.

 

“Коля — мілы хлопча, пры якім усё пасыплецца”

— А пры жывым Лукашэнку пераемнік магчымы?

— Успомнім гісторыю Партугаліі і яе дыктатара Салазара. Пасля таго як у яго здарыўся інсульт, быў прызначаны прэм’ер, які рэальна кіраваў дзяржавай. Для Салазара ж выдавалі адзін нумар газеты, у якой пісалі, што ён застаецца кіраўніком. І не выключана, што і ў Беларусі можа здарыцца падобная сітуацыя.

Не выключаю, што Лукашэнка будзе заставацца жывым, але будзе разумець, што ўжо не можа выконваць прэзідэнцкія функцыі. Але нават калі ён назаве імя пераемніка, гэты чалавек неабавязкова атрымае ўладу. Нагадаю: у камуністычным Кітаі ў Маа былі два афіцыйныя пераемнікі — Лінь Бяа і Лю Шаацы. Апошні быў афіцыйна ўпісаны ў статут КПК як пераемнік таварыша Маа. А потым Маа нешта не спадабалася, і так склалася, што адзін пераемнік загінуў у авіякатастрофе [а другі — у турме].

Я да таго, што нават калі заўтра Лукашэнка абвесціць, што нехта “ікс” стане яго пераемнікам, не выключана, што праз год ён скажа: не, дрэнны пераемнік, слабы аказаўся.

Я думаю, мы яшчэ будзем назіраць хвалі. Лукашэнка яшчэ не раз скажа, што думае пра пераемніка. Потым скажа, што перадумаў. Потым скажа, што думае абстрактна, бо ўсе мы смяротныя. Але мы заўважым індыкатары: з’явяцца людзі, якія заўсёды будуць ля яго, зменіцца тон прапаганды, будзе заўважна, каго яна прасоўвае. Пакуль не бачна, каб той жа Крутой быў заўсёды ў яго за спінай і ва ўсіх міжнародных паездках, як Коля. Гэта было б паказчыкам.

— Дарэчы, Коля. Вы дагэтуль ні слова не сказалі пра Мікалая Лукашэнку як пра пераемніка. Чаму?

— Калі гадоў праз 10-15… Ці калі зараз прыдумаць суперэкзатычную форму… Гэта гучыць як фантастыка, напрыклад, усталяваць канстытуцыйную манархію. І вось тады можна паставіць маладога хлопца. Але гэта мне здаецца не вельмі імаверным, хоць і цікавым варыянтам.

"Либерал-Берия", Кочанова и один из сыновей. Дракохруст — о возможных преемниках Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка з сынамі / president.gov.by

У нас слова “манархія” гучыць нібы лаянка, але манархія — гэта проста іншы прынцып улады. Гэта не дыктатура. Гэта ўлада ад Бога — не ад выбараў, не праз захоп. Проста так шчоўкнуць пальцамі і зрабіць манархію нельга. А іншым чынам перадаць уладу маладому хлопцу нельга. Думаю, усе перасцярогі, звязаныя з Віктарам, памножацца ў разы. У Мікалая няма скілоў — у Віктара хоць нейкія ёсць.

Не думаю, што нават зацятыя лукашысты прымуць Колю. Палітолаг Андрэй Лаўрухін казаў, што лукашысты — “людзі Гобса”, якія трактуюць уладу як уратаванне ад вайны “ўсіх супраць усіх”. І яны рэальна баяцца, што калі такая жорсткая ўлада скончыцца, пачнецца вайна “брат на брата”.

І калі яны так бачаць свет, дык што для іх можа значыць Коля, што ён можа ўтрымаць, які ў яго хрыбет? Ён, можа, добры хлопец, але для зацятых лукашыстаў гэта не аргумент. Дзе моцная рука? У бацькі моцная рука, а ў сына? Тое, што ён дзяўчатам падабаецца, — гэта не аргумент.

І, думаю, Лукашэнка гэта ўлічвае і бачыць, што Коля — гэта мілы хлопча, пры якім усё пасыплецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.