Лукашэнка прапануе браць па 100 долараў з тых, хто едзе за мяжу на шопінг

Аляксандр Лукашэнка лічыць магчымым увесці ў краіне "выязную пошліну" для фізічных асоб, якія едуць за мяжу па тавары.



"Нашы людзі сёння, якія нас усё крытыкуюць – бедная, жабрацкая краіна, а да 3 мільярдаў долараў вывозяць за мяжу ў Еўрасаюз і ўвозяць барахло, якое мы таксама выпускаем. Дык вось, я даўно даручыў: аж да таго, што з'язджаеш за межы краіны па гэтае барахло, заплаці пошліну", — перадае interfax.by словы беларускага лідара.



"Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем, плаці 100 долараў з носа і едзь за мяжу", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Эканамічны аналітык Леанід Заіка мяркуе, што заява Аляксандра Лукашэнкі чыста эмацыйная, і сумняваецца, што гэта насамрэч будзе ўведзена. Паводле яго слоў, падобнае абмежаванне будзе парушаць усе магчымыя міжнародныя нормы, у тым ліку “Хартыю аб правах чалавека” і пункт аб вольным перамяшчэнні.

"Думаю гэта эмацыйны ўсплёск. Эмоцыі. Прэзідэнт вельмі перажывае. Перажывае за лёс краіны. Зразумела, калі нехта паедзе набываць бульбу ў Літву, якая там можа танней, чым у Беларусі, — на гэта зневажальна глядзець. У нас па восені нейкія дзіўныя рэчы назіраюцца. То прапануюць браць падаткі з непрацуючых, а гэта 440 тысяч чалавек, то прапануюць браць грошы за выезд з краіны на шопінг", — адзначыў Заіка.