Вы тут

Лукашэнка: добра, што мы так вывярнуліся, выкруціліся ў сітуацыі з пандэміяй

Нарада ў Лукашэнкі / БЕЛТА

3 чэрвеня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўваліся прапановы па новым складзе ўрада. Як паведамляе president.gov.by, прысутнічалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў. Пра тое, што ўрад будзе абноўлены да прэзідэнцкіх выбараў, Лукашэнка заяўляў на нядаўняй сустрэчы з працоўнымі МТЗ.

"Рэзкі злом ураду, замена ўсіх членаў ураду было б няправільным з кропкі гледжання бягучага моманту. Ды і неабходнасці такой няма, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Вырасла новае пакаленне кіраўнікоў, якія сябе добра паказалі і працавалі някепска ва ўрадзе. Навошта іх мяняць? Яны могуць працаваць".

Лукашэнка падкрэсліў, што чакаць пасля абнаўлення ўраду "рэвалюцыі" не варта. Тым больш, ва ўмовах пандэміі каранавіруса і крызісу ў сусветнай эканоміцы не варта рабіць маштабныя змены. Заменяць і накіруюць на іншую працу толькі тых, хто не можа справіцца з працай у цяперашніх умовах.

"Я ўжо сказаў: сусветны крызіс адбіваецца і на Беларусі, — працягваў беларускі кіраўнік. — Добра, што мы так вывярнуліся, выкруціліся ў гэтай сітуацыі з пандэміяй, не спынілі вытворчасць. Калі б спыніліся, мы б ніколі не запусцілі... Гэта толькі ў казцы магло здарыцца".

Прэм'ер-міністрам Беларусі з лета 2018-га з'яўляецца Сяргей Румас.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.