Лукашэнка адкрыў памятны мемарыял на месцы лагера смерці "Трасцянец"

22 чэрвеня на месцы былога нацысцкага лагера смерці "Трасцянец" быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс "Брама памяці". У цырымоніі ўдзельнічаў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Падчас мітынгу-рэквіема ён адзначыў, што мемарыял у Трасцянцы — гэта сімвал асуджэння антычалавечай палітыкі нацызму да мірнага насельніцтва ўсёй Еўропы. Па словах Лукашэнкі, узвядзенне помніка стала агульнанародным праектам, бо грошы на яго паступалі і ад грамадзян, і ад арганізацый. Частка сродкаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку, таксама была накіраваная на ўзвядзенне манумента.

Кіраўнік Беларусі зазначыў, што боль Трасцянца падзяляюць з намі грамадзяне многіх краін. На ажыццяўленне гэтага праекта актыўна пералічваюць сродкі замежныя мецэнаты, а на адкрыццё прыбылі замежныя дыпламаты і госці краіны. "Помнік у Трасцянцы — гэта сімвал асуджэння антычалавечай палітыкі нацызму ў дачыненні да мірнага насельніцтва ўсёй Еўропы. Дэвіз "Ніхто не забыты, нішто не забыта" аб'ядноўвае ўсіх нас", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Беларускі кіраўнік таксама ўпэўніў, што ў нашай краіне заўсёды будуць памятаць ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны. Ён нагадаў, што ў ваколіцах вёскі Малы Трасцянец дзейнічаў самы вялікі на акупаванай тэрыторыі Савецкага Саюза канцэнтрацыйны лагер, дзе загінулі больш за 200 тысяч чалавек. Сярод іх былі не толькі нашыя суайчыннікі, але і жыхары іншых дзяржаваў — Польшчы, Нямеччыны, Аўстрыі, Чэхаславакіі.

"Нельга забываць, што на тэрыторыі краіны было каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных, 350 месцаў зняволення грамадзянскага насельніцтва, 186 габрэйскіх гета", — дадаў Лукашэнка.

Фота — БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі