Вы тут

Ложкі для спартсменаў на Алімпіядзе ў Токіа будуць кардонныя

Кардонныя ложкі для алімпійцаў / Reuters

Ложкі для спартсменаў на летніх Алімпіядзе і Паралімпіядзе 2020 года ў Токіа будуць... кардонныя. Як інфармуе "Бі-Бі-Сі", з перапрацаванага кардону вырабілі каркасы ложкаў. Арганізатары запэўніваюць, што яны здольныя вытрымліваць да 200 кілаграмаў вагі, а таму нават мацнейшыя за драўляныя. Праўда, скакаць на іх нельга — могуць зламацца.

У алімпійскай вёсцы ўсталююць 18 тысяч ложкаў, 8 тысяч з іх выкарыстаюць падчас Паралімпіяды. Матрацы зрабілі з пластыка. Пасля заканчэння Гульняў яго абяцаюць перапрацаваць.

Цікава, што алімпійскую паходню японцы вырабілі з перапрацаванага алюмінія, электрычнасць будзе паступаць на алімпійскія і паралімпійскія аб'екты з аднаўляльных крыніц. Экалагічнымі будуць нават медалі — каштоўныя металы для іх вырабу здабылі з выкарыстаных мабільных тэлефонаў. Іх ахвяравалі звычайныя японцы. З больш за 6 мільёнаў тэлефонаў спецыялісты здабылі 32 кг золата.

Алімпіяда-2020 адкрыецца 24 ліпеня, Паралімпіяда — 25 жніўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.