Літоўскую пару асудзілі за шпіянаж на карысць Беларусі
Суд, ілюстрацыйнае фота / unsplash.com
Клайпедскі акруговы суд прызнаў сужыцеляў Міндаўгаса Януйціса і Таццяну Бялецкую вінаватымі ў шпіянажы на карысць Беларусі. Януйцісу прысудзілі сем гадоў зняволення, Бялецкай — шэсць з паловай гадоў. Пры гэтым суд пастанавіў залічыць у тэрмін больш як два гады, праведзеныя імі пад вартай і арыштам, адзначае LRT.
Разгляд справы адбываўся ў закрытым рэжыме. Падсудных прызналі шпіёнамі, якія выконвалі заданне на карысць іншай дзяржавы і дзейнічалі ў складзе арганізаванай групы.
Суд пастанавіў канфіскаваць больш за 8,5 тысяч еўра, якія належыць Бялецкай, і 997 еўра, атрыманых ад продажу аўтамабіля, які належыць Януйцісу. Акрамя таго будуць канфіскаваныя мабільныя прылады сувязі, аўтамабіль Toyota Corolla са знойдзенымі ў ім прадметамі і відэарэгістратар.
Абое абвінавачаныя — грамадзяне Літвы. Следства сцвярджала, што ў траўні 2022 года яны ездзілі ў Мінск, дзе праз пасярэдніка дамовіліся пра кантакты і далейшае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі беларускіх вайсковых структур. Да свайго арышту ў лістападзе 2023 года пара выконвала заданні Галоўнага разведвальнага ўпраўлення (ГРУ) Генштаба Мінабароны Беларусі.
За ўзнагароджанне яны збіралі і перадавалі інфармацыю пра Літву і Латвію, цікавую для вайсковых структур. Следства адзначае, што гэтая інфармацыя не была сакрэтнай, але ўяўляе каштоўнасць як для падрыхтоўкі планаў ваеннай агрэсіі, так і для іншых мерапрыемстваў, накіраваных супраць Літвы.
Таксама ў СМІ пісалі, што адзін з асуджаных уступіў у Саюз стралкоў, каб шпіёніць на карысць афіцыйнага Мінска. Раней арганізацыя заяўляла, што выключыла гэтага чалавека са сваіх шэрагаў у 2024 годзе.