Літаратура на лета: Алексіевіч няма ні ў Чарнобыльскім спісе, ні ў ваенным

“У восьмым класе адзінае, што я змог выцягнуць з гэтага спісу — “Дажыць да світання” Васіля Быкава. Бо ў тым спісе не тое, каб класіка. Настаўнікі, вядома, самі абіраюць, што даваць на лета дзецям”, — ацэньвае разам з Еўрарадыё настаўнік беларускай мовы і літаратуры Максім.

Але заўважае вельмі карысныя творы ў тых літаратурных спісах за пяты клас.

“У пятым класе быў нават твор Арлова “Адкуль наш род”. Для іх гэта часам дзіўнавата было. Трэба было шмат тлумачыць”, — прыгадвае настаўнік.

На сайце пятай гродзенскай гімназіі знаходзім спіс літаратуры на лета для школьнікаў па беларускай літаратуры. У спісе з 27 твораў, апроч Быкава, Янішчыц, Караткевіча і Іпатавай заўважаем “Тры Мушкецёры” Дзюма і “Прыгоды Олівера Твіста” Дыкенса.

“Такое бывае, бо асобнага прадмета "Замежная літаратура" няма. Таму творы замежнай літаратуры уключаюць і ў рускую літаратуру, і ў беларускую. Але дзеці наўрад ці будуць шукаць пераклад — яны будуць чытаць па-руску”, — тлумачыць настаўнік Максім.

Спіс твораў на лета на сайце 30 мінскай гімназіі за 8 клас па рускай літаратуры больш чым на палову з замежных аўтараў. З расійскіх аўтараў тут Гогаль, Пушкін, Талстой, Вараб’ёў, Бунін, Цвятаева. У спісе тыя жа Дзікенс і Дзюма, якіх бачылі ў спісе беларускай літаратуры.

“Жорсткага спісу няма, настаўнікі карыстаюцца рознымі. Праблемы знайсці творы няма. Бо ў большасці ёсць рыдэры, гаджэты, дзеці пераходзяць на электроннае чытанне, таму праблемы няма”, — кажа настаўнік рускай літаратуры Сяргей.

Новых сучасных твораў у спісах літаратуры няма, працягвае настаўнік. Але няма і зусім старых, савецкіх.

“І сёння там хапае савецкай літаратуры. Але зусім жорсткіх савецкіх рэалій няма. Тое, што задавалі чытаць нашым бацькам, нам, і задаюць цяпер — гэта розныя рэчы. Але нячаста сустрэнеш і тое, што напісана ў 21 стагоддзі. Настаўнік тут мае права сам нешта уключыць”, — дадае Сяргей.

У спісе рускай літаратуры на лета для 11 класа ўсё ў той жа 30-ай гімназіі Мінска заўважаем тры творы Васіля Быкава. У іншых гімназіях па-руску прапануюць чытаць Адамовіча. Тыя ж кнігі ёсць і ў спісе па беларускай літаратуры. А з сучаснай рускай літаратуры прапануюць пачытаць Талстую, Уліцкую і Петрушэўскую. У спісе ёсць нават Даўлатаў і Стругацкія.

А вось сучасная беларуская літаратура для 11 класа заканчваецца на Дайнэку і Шамякіне. А ў раздзеле “Чарнобльская тэма ў сучаснай прозе” апроч Шамякіна толькі Сачанка і Левановіч. Намінантку на Нобелеўскую прэмію Святлану Алексіевіч сюды не ўключылі.

Фота: demsvet.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі