"Лістапад": акцэнт не на чырвонай дарожцы, а на фільмах

"Лістапад": акцэнт не на чырвонай дарожцы, а на фільмах

З 4 па 11 лістапада ў Мінску пройдзе ХХІІІ міжнародны кінафестываль "Лістапад".

"Магчыма, фестываль будзе больш сціплым, бо год няпросты і жыццё няпростае", — папярэджвае на прэс-канферэнцыі з нагоды аб'яўлення праграмы кінафоруму яго дырэктарка Анжэла Крашэўская.


На правядзенне фестывалю Мінкульт сёлета выдаткаваў больш за тры мільярды недэнамінаваных беларускіх рублёў. Прычым, кажа начальнік аддзела па кінематаграфіі міністэрства Ірына Белякова, гэтая сума большая, чым выдавалася ў мінулыя гады. Другую частку грошай на фэст далі спонсары, некаторыя з якіх прапанавалі дапамогу "Лістападу" пасля шуміхі ў прэсе, калі было заяўлена, што фэст можа прайсці ва "ўрэзаным фармаце".


Адпаведна, кажа праграмны дырэктар "Лістапада" Ігар Сукманаў, сёлета лепш звярнуць увагу на добрае кіно, а не на гламурны складнік фэсту:

 

"Лістапад": акцэнт не на чырвонай дарожцы, а на фільмах

"Мы, вядома, заўсёды "за" чырвоныя дарожкі, за тое, каб да нас заўсёды прыязджалі вялікія буйныя зоркі, але разам з тым мы заўсёды разумна глядзім на стан нашых рэчаў. І з гэтай кропкі гледжання ў няпросты фінансавы год акцэнт робіцца на свята разумнага кіно, а не столькі на гламурную частку".


Усяго на фэсце пакажуць 159 карцін з 45 краін. Традыцыйна чакаецца шэсць конкурсных праграм: асноўны конкурс ігравога кіно (11 карцін), конкурс "Маладосць на маршы" (12 стужак), конкурс фільмаў для дзяцей і юнацтва "Лістападзік" (8 фільмаў), асноўны конкурс дакументальнага кіно (12 стужак), конкурс нацыянальных кінашкол (16 фільмаў), нацыянальны конкурс (24 стужкі), а таксама цікавая пазаконкурсная праграма з удзелам стужак-пераможцаў вядучых кінафестываляў свету.

Сярод гасцей, якія возьмуць удзел на сёлетнім "Лістападзе" — намінант на "Оскар" Заза Урушадзэ, адзін з лідараў сусветнага кіно Дэні Като, генеральны сакратар міжнароднай федэрацыі кінапрэсы Клаус Эдэр а таксама іншыя зоркі сусветнай кінаіндустрыі.


Адкрые "Лістапад" кінаальманах "Пецярбург. Толькі па любові". Фільмам закрыцця стане апошняя стужка Анджэя Вайды "Afterimage". На абедзве карціны ўжо можна набыць квіткі па 10 рублёў. З 25 кастрычніка ў продаж паступяць квіткі на ўсе паказы кінафестывалю "Лістапад". Мінімальная цана — паўтара рублі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі